Лінкі ўнівэрсальнага доступу

74 маракі загінулі пры ўдары УСУ па караблі «Новачаркаск» — СМІ


Выбух у порце Феадосіі пасьля атакі УСУ, 26 сьнежня 2023 году.
Выбух у порце Феадосіі пасьля атакі УСУ, 26 сьнежня 2023 году.

Падчас ракетнага ўдару ўкраінскіх войскаў па вялікім дэсантным караблі «Новачаркаск», які стаяў у порце Феадосіі, загінулі 74 маракі, пішуць «Навіны Севастопаля» са спасылкай на аддзел інфармацыйнага забесьпячэньня Чарнаморскага флёту Расеі.

Раненьні атрымалі 27 маракоў з карабля «Новачаркаск», удакладняе выданьне.

У сувязі з гэтым, як паведамляе «Незалежнае тэлебачаньне Севастопаля», галоўнакамандуючы Вайскова-марскім флётам Расеі Мікалай Яўменаў зьвярнуўся да кіраўніка адміністрацыі Новачаркаску Юрыя Лысенкі з прапановай абвясьціць у горадзе двухдзённую жалобу. Таксама галоўнакамандуючы ВМФ прапанаваў разгледзець пытаньне аб дапамозе семʼям загінулых маракоў, якія служылі на караблі.

Пазьней навіна пра загінулых маракоў з карабля «Новачаркаск» зьнікла з сайта «Незалежнага тэлебачаньня Севастопаля».

27 сьнежня сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны Дзьмітрый Плецянчук у этэры ўкраінскай службы Радыё Свабода заявіў, што на вялікім дэсантным караблі «Новачаркаск», які ў ноч на 26 сьнежня атакавалі ўкраінскія войскі, маглі знаходзіцца каля 80 чалавек.

Раней расейскае выданьне Astra са спасылкай на крыніцы пісала, што ў момант атакі на караблі «Новачаркаск» знаходзіліся 77 маракоў. Паводле зьвестак журналістаў, 33 зь іх прапалі бязь вестак, 19 параненыя.

«Новачаркаск» стаяў у порце Феадосіі. Мяркуючы па моцы выбуху і агульных разбурэньнях, на борце быў нейкі вайсковы груз. Кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў паведаміў пра гібель аднаго чалавека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG