Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парафія менскага Чырвонага касьцёла, закрытага ўжо 15 месяцаў, апублікавала ліст «чараўніку Аляксандру Рыгоравічу»


У парафіі закрытага ўладамі менскага Чырвонага касьцёла, у якой каля 10 тысяч чалавек, застаецца толькі маленькая плябанія, адключаная ад камунікацый, вернікам даводзіцца прывозіць туды ваду. Перад Калядамі частка парафіян напісала ліст «Аляксандру Рыгоравічу».

На сайце менскай рымска-каталіцкай парафіі Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены 20 сьнежня апублікавалі сьвежую інфармацыю. У ёй адзначаецца, што ўжо другі год запар вернікі парафіі пазбаўленыя магчымасьці праслаўляць нованароджанага Хрыста ў сваім родным касьцёле.

«Працягваем шчыра прасіць Госпада, каб як мага хутчэй было адноўлена парафіяльнае жыцьцё ў нашым храме (...) Шчыра дзякуем тым, хто дапамагае нашым сьвятарам сваім дзяжурствам у плябаніі, куды штодня зьвяртаюцца людзі ў розных духоўных патрэбах. Няхай Гасподзь аддзячыць вас, паважаныя браты і сёстры, якія рэгулярна, ужо на працягу году, прывозяць гарачую і халодную ваду ў плябанію для розных патрэбаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Сьвятую імшу для парафіі Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены будуць адпраўляць 24 сьнежня а 19-й гадзіне ў архікатэдральным касьцёле, там жа 25 сьнежня а 15-й адбудзецца ўрачыстая сьвятая імша, гаворыцца ў паведамленьні.

Акрамя таго, парафія апублікавала ліст, складзены на расейскай мове, нібыта «ад імя бацькоў дзяцей, якія настаялі на гэтым». Каму адрасаваны адкрыты ліст, канкрэтна не паведамляецца, але ў самім лісьце ягоныя аўтары зьвяртаюцца да «Аляксандра Рыгоравіча», на якога «спадзяюцца, як на чараўніка» і просяць яго «дапамагчы ім адчыніць дзьверы касьцёла».

Раней парафія ня раз зьвярталася да вышэйшых чыноўнікаў Беларусі, але просьбы аб адкрыцьці храма заставаліся без адказу.

Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам

  • Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Св. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG