Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьнікае «беларускі сацыяльны пакет»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Некалькі месяцаў таму я хадзіла ў эфір латвійскага радыё ўдзельнічаць у праграме пра тое, ці варта латвійцам і латвійкам езьдзіць у Беларусь. Другой гераіняй перадачы была латвійка беларускага паходжаньня, якая ў Беларусі ніколі не жыла, але кіруе ў Латвіі беларускай арганізацыяй «Прамень» і вельмі любіць Лукашэнку і ягоны рэжым.

Як гэта звычайна бывае ў беларускіх прапагандыстаў (а я ўсё ж дазволю сабе ўключыць яе ў гэтую супольнасьць), фактаў у яе быў дэфіцыт, затое было шмат агульных фраз накшталт «у Беларусі не адчуваецца, што зусім побач вайна, і там людзі спакойна жывуць» альбо «там людзі адчуваюць сябе сацыяльна абароненымі».

Але рэальнасьць, вядома, дужа адрозьніваецца ад таго, што кажуць такія людзі. Сацыяльных гарантый у Беларусі становіцца ўсё менш, што, зрэшты, ня надта дзіўна — рэжыму Лукашэнкі больш ня трэба ствараць ілюзію легітымнасьці і сапраўды змагацца хоць за якія галасы. І калі раней ён мог абапірацца на асабліва ўразьлівыя групы людзей, цяпер у яго папросту няма такой патрэбы.

Чарговае таму пацьверджаньне — прыняцьце новага закону, які фактычна абразае гэтыя самыя сацыяльныя гарантыі. Цяпер на аказаньне сацыяльных паслуг трэба мець ліцэнзію, а атрымліваць гэтыя паслугі зможа меншая колькасьць людзей, бо зьменшылася колькасьць прычын, дзеля якіх чалавека могуць прызнаць асобай, якая знаходзіцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі.

А яшчэ будзе цяжэй трапіць у дамы-інтэрнаты. Гіпатэтычна частковая замена інтэрнатнага догляду доглядам у хатніх умовах магла б быць добрай навіной (зьмена абстаноўкі выклікае дадатковы стрэс і можа пагаршаць сымптомы дэмэнцыі), але на практыцы... Баюся, гэта проста чарговы спосаб эканоміі. Адправіць чарговую сацработніцу зь нізкім заробкам куды таньней, чым утрымліваць чалавека ў інтэрнаце. І, вядома, пры правільнай гульні зь лічбамі, у якую так любіць гуляцца рэжым Лукашэнкі, гэтая рэформа дазволіць нібыта палепшыць фармальныя паказчыкі.

Вось пабачыце, яны яшчэ заявяць, што людзей у інтэрнатах стала менш, бо ў Беларусі стала аб’ектыўна лепей жыць. «Зьнікнуць» хваробы і станы, якія патрабуюць кругласуткавага назіраньня, і так званыя ўлады нібыта забудуць пра тое, што яны сваімі рукамі ўскладнілі працэс накіраваньня чалавека ў інтэрнат.

А людзям трэба будзе неяк выжываць. Бо ў рэальнасьці ня зьнікнуць ні хваробы, ні іншыя цяжкасьці, а падтрымкі будзе ўсё менш — дзяржава ў аднабаковым парадку адмаўляецца ад абяцаньняў і ведае, што нічога ёй за гэта ня будзе, а недзяржаўныя ініцыятывы збольшага здушаныя.

І зноўку ж, навошта ўладам недзяржаўныя ініцыятывы, якія сваёй працай пацьвердзяць, што дзяржава не спраўляецца і не выконвае сваіх абавязкаў?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG