Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Пад Полацкам хаваецца «Палатыда» вікінгаў. І ня толькі — Віктар Якубаў


Фотакаляж. Полацкая Спаса-Праабражэнская царква, герб Полацку на тле гравюры Полацку XVI стагодзьдзя, Віктар Якубаў
Фотакаляж. Полацкая Спаса-Праабражэнская царква, герб Полацку на тле гравюры Полацку XVI стагодзьдзя, Віктар Якубаў

З чым зьвязаны заняпад Полацку ў раньнім новым часе? Ці сапраўды гісторыя Полацкай дзяржавы аказалася прыўлашчанай Вялікім Княствам Літоўскім? Кім сябе лічылі палачане ў XVI—XVIІ стагодзьдзях? Пра гэта і пра іншае мы гаворым з былым выкладчыкам Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, кандыдатам гістарычных навук Віктарам Якубавым.

0:00 – ці сапраўды Полацкая дзяржава мела выхад да мора і можа лічыцца дзяржавай з марскім статусам

3:00 – ці жылі ў Полацку вікінгі, і калі так, то калі

5:30 – ці сапраўды гісторыя Полацкай дзяржавы аказалася зацемненай і нават прыўлашчанай у часы Вялікага Княства Літоўскага

7:54 – калі і чаму пачаўся заняпад Полацку

14:43 – наколькі значным было габрэйскае насельніцтва Полацку і якое значэньне яно мела ў эканоміцы гораду ў XVI стагодзьдзі?

17:46 – як і куды зьнік Полацкі летапіс

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Віктарам Якубавым:

— Полацак быў вельмі значным цэнтрам. Існуюць сьведчаньні заходнеэўрапейскіх хронік, што горад існаваў ужо ў сярэдзіне першага тысячагодзьдзя. Калі і чаму, на вашу думку, пачаўся заняпад Полацку? Гэта зьвязана з канчатковым уваходжаньнем Полацку ў склад ВКЛ у 1392 годзе? Ці са скасаваньнем Полацкага княства і ператварэньнем яго ў цэнтар ваяводзтва ў пачатку XVI стагодзьдзя? А можа зь Лівонскай вайной ці з войнамі XVII стагодзьдзя?

— Па-першае, мы ня маем крыніц. Тыя, што былі, яны або зьнішчаныя, або расьцярушаныя па ўсім сьвеце. Таму і зьбіраць іх трэба па ўсім сьвеце. Адпаведна, мы маем такую сытуацыю, што з таго, што мы ведаем пра XIV—XV стагодзьдзі па археалёгіі, вынікае, што гэта быў вельмі значны горад. А адзіная крыніца, якую мы маем на той пэрыяд, — рэвізія Полацку 1552 году, гэта яшчэ да пачатку Лівонскай вайны.

З рэвізіі вынікае, што ў Полацку было 12 праваслаўных кляштараў. Гэта аграмадныя пабудовы. Перад вайной мы маем горад, які мае мураваныя будынкі, у тым ліку вежы, храмы і так далей. Гэта значыць, што гэта быў вельмі багаты горад.

У выніку Лівонскай вайны горад занепадае. Пасьля таго як у лютым 1563 году горад бяруць маскоўскія войскі і вынішчаюць мясцовае насельніцтва, у тым ліку вывозяць яго і засяляюць на яго месца сваіх людзей.

Калі гаварыць пра ліквідацыю Полацкага княства, дык яна ніяк не адбілася на заможнасьці гораду.

Можна нават сказаць, што для ўваходжаньня Падзьвіньня ў склад Вялікага Княства Літоўскага асноўны шлях — гэта былі шлюбы. Спачатку ад шлюбу Гедзіміна і полацкай княжны Еўны нарадзіўся Альгерд, і так Полацак увайшоў у склад Вялікага Княства. А ўжо пасьля шлюбу Альгерда зь віцебскай княжной Марыяй у Княства ўвайшоў і Віцебск. Гэта былі мірныя ўваходжаньні.

Але і пасьля палачане доўга адчувалі сябе самадастатковымі. Напрыклад, калі ў 1598 годзе, калі ў Полацак спрабавалі паставіць ваяводам Андрэя Сапегу, адукаванага, заслужанага чалавека, вэтэрана, палачане проста выгналі яго з гораду, заявіўшы, што паводле даўняга прывілею, упісанага ў магдэбурскае пагадненьне зь Вільняй, маюць на гэта права. Таму нават пасьля Лівонскай вайны і разарэньня гораду, на пачатку XVII стагодзьдзя, мы маем нармальную сытуацыю з адстойваньнем палачанамі сваіх правоў на самакіраваньне і на згоду прызначаць сабе кіраўніцтва.

Так што заняпад быў фізычны, матэрыяльны. У маім артыкуле пра гандаль ёсьць такі факт. У 1616 годзе ідзе вайна з Масквой, відавочныя праблемы на Падзьвіньні, пастаянныя пагрозы, але ў дакумэнтах ёсьць парты прыпіскі стругаў і плытоў, адкуль яны ішлі. На іх сядзелі кармнікі (кормчыя) і каманды сходных мальцаў, па-расейску іх, хутчэй за ўсё, называлі бурлакамі. І вось тыя каманды мелі прыпіску да пэўнага порту. Яны ішлі ў Рыгу і назад. Дык вось там пад 50% будзе зь Віцебску, а празь Віцебск гандлявалі Магілёў і Ворша. Пасьля Віцебску на другім месцы будуць Бешанковічы, бо там таксама быў перагон ад Дняпра праз Друцк да Дзьвіны. А ўжо Полацак быў на трэцім месцы паводле колькасьці флёту як такога. Гэта і ёсьць сьведчаньне канкрэтнага заняпаду.

Перад вайной можна казаць, што ў горадзе было дваццаць, нават трыццаць тысяч жыхароў. Дакладна ня скажаш паводле той рэвізіі 1552 году, бо ніхто ня любіць плаціць падаткі, таму, відаць, і фэадальная сыстэма магла даць збой, і дакладнай колькасьці жыхароў маглі не падаваць. І вось калі да вайны было да 30 тысяч чалавек у горадзе, то пасьля вайны фіксуюць толькі дзьве тысячы.

І хоць ён адраджаецца і натуральным чынам, і за кошт міграцыі, але да канца так і не падымаецца. А пасьля яшчэ быў Патоп, пасьля Патопу і Пётр І зьнішчыў умацаваньні і апусьціў горад да ўзроўню павятовага цэнтру вельмі беднага павету.

Але застаецца сымбалічнае значэньне. І, відаць, нават у маскоўскіх галовах ён меў вельмі значны сымбалічны капітал. У гэтым, дарэчы, розьніца паміж сучаснай навукай і марксісцкай. Мы гаворым ня толькі пра грошы, але і пра сымбалічны капітал. І вось гэта тое, чаго ў Полацку ніяк не адняць, і ні ў кога гэта не атрымаецца.

— Наколькі значным было габрэйскае насельніцтва гораду, якое стала адной з ахвяраў Івана Жахлівага? Якая была яго эканамічная вага ў Полацку?

— Габрэі пасяліліся ў Полацку паводле прывілеяў, бо, напрыклад, у Віцебску ці Рызе яны жыць не маглі. Паводле сярэднявечнага права гэта была тэрыторыя, забароненая для іх пасяленьня.

Дык вось яны пасяліліся ў Полацку. Пра іх колькасьць можна меркаваць паводле «плачаў», бо габрэі ўсё ж памінаюць сваіх загінулых. Дык вось там згадваецца дзьве тысячы, але гэта вельмі завышаная лічба. Проста фізычна немагчыма, каб іх столькі было ў тагачасным Полацку.

Наколькі яны былі эканамічна значныя? Можна сьцьвярджаць, што на той час асноўную эканамічную магутнасьць гораду складала мясцовае хрысьціянскае насельніцтва. Гэта было традыцыйнае грамадзтва, а традыцыйнае грамадзтва — гэта веруючае грамадзтва. І гэта прынцыповы момант, калі хрысьціянін гандлюе з хрысьціянінам, а калі зь іншаверцам.

Да таго антыгабрэйскага генацыду 15 лютага 1563 году, калі іх зьнішчылі, габрэі не маглі адыгрываць вельмі значнай ролі. Але іх усё роўна зьнішчылі, патапілі ў палонках тых, хто адмовіўся хрысьціцца. Дарэчы, разам зь імі, відаць, патапілі і настаўнікаў Францішка Скарыны — манахаў-бэрнардынаў. Таксама маскоўцы вынішчалі тады і лютаранаў — значыцца, усіх тых, каго палічылі небясьпечнымі для свайго будучага панаваньня.

Тактыка вынішчэньня любых патэнцыйных груп супраціву была ў Івана Жахлівага ўжо тады. І яна працягваецца ўжо на працягу 500 гадоў. Яны гэтым увесь час займаюцца, высяляюць насельніцтва, на яго месца засяляюць ляяльнае насельніцтва, а іншым расказваюць, маўляў, мы ж вас вызвалілі.

— І пытаньне пра Полацкі летапіс. У ХХ стагодзьдзі было шмат розных вэрсіяў. Адны пісалі, што яго зьнішчыў Іван Жахлівы, Мікола Ўлашчык лічыў, што яго зьнішчылі езуіты. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтае пытаньне — быў той летапіс ці ня быў, і куды ён дзеўся?

— Васіль Варонін лічыць, што калі Полацак узялі войскі Стэфана Баторыя, то зафіксавана, што нейкія кніжкі цягалі гайдукі. Таму Варонін лічыць, што полацкі летапіс ці прынамсі яго частка сярод тых кніжак, трапіўшы спачатку ў скарбніцу Стэфана Баторыя, цяпер знаходзіцца ў Варшаве ў Нацыянальнай бібліятэцы. Паколькі я не спэцыяліст у гэтым пытаньні, то пэўна казаць пра гэта не магу. Магчыма, у Варшаве не сама хроніка, але рэшткі нейкіх дакумэнтаў.

Мы ў Менску маем некалькі полацкіх кніжак, і яны ў вельмі кепскім стане. Таму вывучаць гісторыю Полацку, ранейшую за XVII стагодзьдзе, вельмі і вельмі цяжка — проста няма па чым. Можна глядзець дакумэнты ў Рызе ці Вільні, або трэба глядзець, што пра палачан пішацца ў Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага — гэта ж таксама наша дзяржаўная кніга. Але там ужо будзе арыентацыя на суды, на нейкія спрэчныя пытаньні, а не на штодзённае жыцьцё Полацку і на погляд палачан на сваё жыцьцё сваімі ўласнымі вачыма. Пра гэта трэба заўсёды памятаць, калі вывучаеш гісторыю Полацку.

— Так ці іначай, гісторыкі ў ХХ стагодзьдзі вырашылі, што Полацкага летапісу не магло ня быць, і таму археографы і тэкстолягі нават спрабуюць вылучыць фрагмэнты Полацкага летапісу ў іншых тагачасных і пазьнейшых летапісах і хроніках.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Як і куды зьнік Полацкі летапіс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:20:39 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG