Абмен расейскага пілёта Канстанціна Ярашэнкі на амэрыканскага марскога пяхотніка Трэвара Рыда адбыўся на ўзьлётнай паласе ў аэрапорце Анкары летась у красавіку.
Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на турэцкіх і амэрыканскіх чыноўнікаў.
Як піша выданьне, на борце з Расеі ў Турэччыну Рыда суправаджаў спэцназ ФСБ «Альфа». Як паведамлялася, пасьля прызямленьня расейскага самалёта ў Анкары на борт узьняўся спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў справах закладнікаў Роджэр Карстэнс, які павінен быў апазнаць Рыда.
The Wall Street Journal сьцьвярджае, што Расея і ЗША дамовіліся аб забароне фота- і відэаздымкі. У той жа час выданьне публікуе некалькі фота з пасадачнай паласы. На фатаздымках — удзельнікі расейскай і амэрыканскай дэлегацый, якія суправаджаюць Ярашэнку і Рыда.
The Wall Street Journal паведамляе, што той самы турэцкі аэрапорт выкарыстоўваўся Расеяй і Ўкраінай для абмену арыштаванага праз абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе ўкраінскага палітыка Віктара Медзьведчука на ўкраінскіх ваеннапалонных, сярод якіх былі абаронцы марыюпальскай «Азоўсталі».
Газэта адзначае, што абмен, які Масква і Кіеў правялі 22 верасьня мінулага году, быў больш складаным з пункту гледжаньня дамоўленасьцяў, паколькі ніводзін з бакоў не хацеў пачынаць перамовы аб абмене. Украіна, як сьцьвярджаецца, заявіла, што не давярае расейскаму боку, і запатрабавала высьветліць асобы вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне.
Абмен адбыўся пасьля таго, як кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў падняўся на борт да ўкраінцаў, сфатаграфаваў іх і адправіў здымкі ў Кіеў.
The Wall Street Journal піша, што борт з 10 іншаземцамі – удзельнікамі баявых дзеяньняў на баку Узброеных сіл Украіны — суправаджаў расейскі бізнэсовец Раман Абрамовіч.
- Трэвар Рыд прыехаў у Маскву да сваёй дзяўчыны вясной 2019 году, каб, паводле ягоных словаў, вывучыць расейскую мову. Амэрыканец быў арыштаваны ў Расеі 16 жніўня 2019 году па абвінавачаньні ў нападзе на паліцыянта. На судзе Рыд заявіў, што не прызнае сябе вінаватым. У ліпені 2020 году суд асудзіў былога марскога пяхотніка на 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Амэрыканскія СМІ пісалі, што пасьля Рыд паехаў ваяваць супраць Расеі на баку Ўкраіны і быў паранены.
- Канстанцін Ярашэнка быў арыштаваны ў 2010 годзе ў Лібэрыі праз абвінавачаньне ў падрыхтоўцы перавозкі буйной партыі какаіну. У верасьні 2011 году амэрыканскі суд прызнаў яго вінаватым і асудзіў на 20 гадоў пазбаўленьня волі. У кастрычніку мінулага году прэзыдэнт Расеі ўключыў Ярашэнку ў склад Грамадзкай палаты.
- Віктара Медзьведчука Ўкраіна абмяняла на 215 украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку на пяць камандзіраў палка «Азоў». Акрамя таго, Расея вярнула з украінскага палону 56 сваіх вайскоўцаў. Азоўцы павінны былі знаходзіцца ў Турэччыне да заканчэньня вайны паміж Расеяй і Ўкраінай, але ў ліпені вярнуліся да сем’яў, а потым і на фронт.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.