Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сынхранізуюцца з Расеяй». Чаму МТЗ і БелАЗ ідуць на калядныя вакацыі


МТЗ. Ілюстрацыйнае фота
МТЗ. Ілюстрацыйнае фота

На трактарным амаль 2600 вакансій, БелАЗ шукае 350 супрацоўнікаў. Што з прамысловымі гігантамі?

БелАЗ адпусьцяць на калядныя вакацыі з 30 сьнежня па 7 студзеня. Кіраўніцтва заводу — вытворцы буйных самазвалаў кажа, што гэта зроблена «для эфэктыўнай працы вытворчасьці і спрыяльных умоваў адпачынку».

Такія ж вакацыі яшчэ ў лістападзе абвесьціў вытворца трактароў МТЗ. Тлумачаць «вытворчымі патрэбамі і цесным каапэрацыйным супрацоўніцтвам з Расейскай Фэдэрацыяй, дзе навагоднія канікулы прадоўжацца да 8 студзеня ўключна».

МТЗ: 2593 вакансіі

Летась МТЗ экспартаваў 48 706 адзінак тэхнікі, у грашовым вымярэньні тэхнікі за мяжу прадалі на 900 мільёнаў даляраў. Гэта ня толькі трактары, але і іншая тэхніка. Такія лічбы ў інтэрвію выданьню «СБ. Беларусь сегодня» агучыў гендырэктар МТЗ Віталь Воўк.

Менавіта ў Расею прадалі 20 тысяч трактароў, у краіны СНД — яшчэ 12 тысяч, 4,5 тысячы трактароў у іншыя краіны.

Для параўнаньня, у дакрызісны 2019 год Беларусь прадала за мяжу 48 445 трактароў на 625 мільёнаў даляраў. Гэта без уліку іншай тэхнікі, вырабленай на МТЗ. Прадпрыемства перастала публікаваць сваю фінансавую справаздачнасьць, апошні раз гэта рабілі пасьля першага паўгодзьдзя мінулага году. Чысты прыбытак за гэты час быў 49,7 мільёна рублёў, годам раней за такі ж пэрыяд — 94 мільёны.

На чэрвень мінулага году завод меў даўгоў на 1,2 мільярда рублёў. Згодна з агульнарэспубліканскім банкам вакансій, на МТЗ зараз шукаюць 2593 супрацоўнікаў. Крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй, кажуць, што на заводзе падаўжаюць кантракты тым, каго раней хацелі адправіць на пэнсію. Некаторыя супрацоўнікі падмяняюць кадры, якіх не хапае. Бо заказы з Расеі ёсьць, а работнікаў не стае.

БелАЗ: 80% продажаў — у Расею

Летась БелАЗ прадаў у Расею 866 кар’ерных самазвалаў на 800 мільёнаў даляраў. Агулам завод экспартаваў за год прадукцыі на 1 мільярд даляраў.

Такія лічбы пацьвярджаюць і расейскія вузкаспэцыяльныя выданьні са спасылкай на службу статыстыкі.

У дакрызісны 2019 год Беларусь прадала за мяжу агулам 790 самазвалаў на 640 мільёнаў даляраў. Зь іх у Расею — 582.

БелАЗ не публікуе дадзеных аб сваім фінансавым стане з 2020 году. Тады чысты прыбытак заводу склаў крыху больш за 30 мільёнаў рублёў.

БелАЗ працуе пад санкцыямі ЭЗ з чэрвеня 2021 году. У верасьні таго ж году прадпрыемства спрабавала дамагчыся зьняцьця санкцый праз эўрапейскі суд, сёлета ў кастрычніку ён адмовіў заводу ў зьняцьці санкцый і пакінуў рашэньне бязь зьменаў.

«На расейскім рынку дасягнулі столі»

Паводле экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, летась экспарт у Расею рос, бо адбывалася замена замежных вытворцаў, якія пакінулі рынак.

«Ішла замена заходніх вытворцаў, на, у тым ліку, беларускіх. Гэта дапамагала росту экспарту самазвалаў і грузавікоў. Таксама летась у Расеі расьлі інвэстыцыі ў асноўны капітал. Для кампаній была магчымасьць асвоіць гэтыя інвэстыцыі і нешта набыць. Расейскую прамысловасьць летась рухаў вайскова-прамысловы комплекс», — кажа Анатоль Харытончык.

Пры гэтым машынабудаўнічыя прадпрыемствы дасягнулі «столі» ў сваіх вытворчых магчымасьцях, дадае экспэрт. То бок нарасьціць вытворчасьць і экспарт яшчэ болей амаль немагчыма.

«Экспарт тавараў у Расею зь сярэдзіны лета ў стагнацыі, нават пакрысе пачынае зьніжацца. Выпуск прамысловасьці там таксама стагнуе. Мяжа росту на расейскім рынку збыту дасягнутая. Далейшае пашырэньне выпуску машынабудаўніцтва высокімі тэмпамі ўскладняецца кадравым дэфіцытам і падаражаньнем паставак. Налета мы ўбачым запавольваньне росту выпуску прадукцыі. Аб’ём выпуску можа захоўвацца некаторы час, пакуль Расея будзе нарошчваць расходы на вайскова-прамысловы блёк, але росту высокімі тэмпамі ўжо ня будзе», — гаворыць экспэрт.

Анатоль Харытончык тлумачыць доўгія зімовыя вакацыі на гэтых заводах «жаданьнем сынхранізавацца з Расеяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG