Расея атакавала Ўкраіну дронамі і балістычнымі ракетамі. У Кіеве чацьвёра параненых

Расейскі абстрэл Кіева ў траўні 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі абстрэл Кіева ў траўні 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Украінская супрацьпаветраная абароны зьбіла ўсе расейскія дроны і ракеты, але ёсьць разбурэньні.

Расейскія войскі ў ноч на 11 сьнежня сканцэнтравалі свае ўдары на Кіеве і Мікалаеўскай вобласьці.

У брытанскай выведцы сьцьвярджаюць, што Расея пачала «ўзгодненую кампанію» зьнішчэньня ўкраінскай энэргетыкі.

Восем ракет і 18 дронаў

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі з Крыму запусьцілі ўдарныя бесьпілётнікі, а з Бранскай вобласьці — балістычныя ракеты. Усе пагрозы зьбілі, але аскепкі ракет і дронаў усё ж выклікалі разбурэньні.

У Кіеве паветраная трывога прагучала толькі пасьля таго, як у некалькіх раёнах адбыліся выбухі.

«Такое адбылося ня ўпершыню, бо балістыка ляціць вельмі хутка. Літаральна лічаныя хвіліны ёсьць на тое, каб адрэагавала СПА і іх зьнішчыла», — сказаў сьпікер апэратыўнага камандаваньня Паветраных сіл Юры Ігнат.

Улады Кіева сьцьвярджаюць, што аскепкі зьбітых ракет трапілі ў недабудаванае памяшканьне, у газон і ў склад-краму. Чатыры чалавекі траўмаваліся, яны атрымалі мэдычную дапамогу на месцы.

У Мікалаеўскай вобласьці пацярпела сельская інфраструктура

Кіраўнік Мікалаеўскай вайсковай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Віталь Кім паведаміў, што Расея дронамі атакавалі Мікалаеўскі і Баштанскі раёны.

Ад падзеньня аскепкаў пашкоджаньні атрымаў жылы дом, а таксама загарэўся склад з сельскагаспадарчай тэхнікай.

«Пацярпелых няма», — паведаміў кіраўнік вобласьці.

Украіна запрасіла энэргадапамогу з Польшчы, Славаччыны і Румыніі

Нягледзячы на тое, што ў публічнай прасторы адсутнічае інфармацыя аб пашкоджаных украінскіх энэргетычных аб’ектах ад расейскіх абстрэлаў, у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Расея «пачала ўзгодненую кампанію, накіраваную на дэградацыю энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны».

Ва Ўкраіне прызнаюць праблемы з энэргазабесьпячэньнем, але сьцьвярджаюць, што дэфіцыт энэргіі зьвязаны з рэзкім павелічэньнем спажываньня, бо істотна пахаладала. З пачатку сьнежня Ўкраіна ледзь ня кожны дзень запрошвае аварыйную энэргетычную дапамагу з Польшчы, Славаччыны або Румыніі.

«Галоўнай прычынай дэфіцыту зьяўляецца нястача магутнасьці генэрацыі», — патлумачылі ў «Укренерго».

Большасьць энэргетычных аб'ектаў, адзначылі спэцыялісты, не змаглі аднавіць яшчэ пасьля леташніх расейскіх абстрэлаў. Цяпер энэргаблёкі спыняюцца ад умоў надвор’я і вялікай нагрузкі, іншыя выводзяць з эксплюатацыі на плянавыя рамонты.

​
XS
SM
MD
LG