Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назвалі ляўрэатаў прэміі беларускай праваабарончай супольнасьці-2023


Фота Беларускага дома правоў чалавека
Фота Беларускага дома правоў чалавека

У Вільні ўручылі Прэмію беларускай праваабарончай супольнасьці. Яна была заснаваная Праваабарончым альянсам у 2008 годзе.

Пра гэта піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Праваабаронца года»

Сёлета ў гэтай намінацыі два пераможцы – Алег Агееў і Натальля Мацкевіч

Алег Агееў – намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. З 2015 году ён кіруе Прававым цэнтрам БАЖ, працуе ў сфэры свабоды выказваньня і свабоды СМІ. Пасьля ператрусу 16 лютага 2021 года Агееў вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер працягвае дзейнасьць у БАЖ за мяжой.

Натальля Мацкевіч – адвакатка. Выступала абаронцам у рэзанансных палітычных працэсах: абараняла кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, анархіста Міколу Дзядка. Была абаронцам у шматлікіх іншых палітычна матываваных справах. Была пазбаўленая ліцэнзіі ў кастрычніку 2021 года, пасля 27 гадоў адвакацкай практыкі.

«Журналіст года-2023»

У гэтай намінацыі перамог Аляксандар Манцэвіч, заснавальнік і галоўны рэдактар незалежнай грамадзка-палітычнай «Рэгіянальнай газэты» ў горадзе Маладэчна. У 2023 годзе мэдыйшчык арыштаваны і асуджаны да 4 год пазбаўленьня волі.

У намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года» перамагла служба эвакуацыі BYSOL

Кірунак «Эвакуацыя» фонду BYSOL дапамагае з экстраным выездам зь Беларусі тым, каму пагражае палітычна матываваная крымінальная адказнасьць. Да іх зьвяртаюцца актывісты, дваравыя ініцыятывы, праваабаронцы, журналісты і іншыя.

За амаль тры гады існаваньня служба эвакуацыі BYSOL дапамагла велізарнай колькасьці людзей пакінуць краіну і ўратаваць сваю свабоду. 1848 чалавек агулам атрымалі падтрымку службы: кансультацыю і/ці суправаджэньне выезда.

Першым ляўрэатам у новай намінацыі Прэміі беларускай праваабарончай супольнасьці стала Паліна Шарэнда-Панасюк

На гэтую намінацыю вылучаецца асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску за сваю дзейнасьць па прасоўваньні і абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Паліна Шарэнда-Панасюк – грамадзкая актывістка з Берасьця. Была затрыманая 3 студзеня 2021 года, атрымала два гады калёніі. У 2022 годзе ёй прысудзілі яшчэ адзін год калёніі па артыкуле 411 КК. Паліна стала першай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле. А сёлета на актывістку завялі яшчэ адну крымінальную справу. Агулам яна атрымала тэрмін у 4 гады зьняволеньня.

На Паліну Шарэнду-Панасюк моцна ціснуць у турме: рэгулярна зьмяшчаюць у штрафны ізалятар, не перадаюць ёй прадуктовыя перадачы ад сваякоў і бандэролі зь лекамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG