Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Барацьба беларусаў увасабляе каштоўнасьці Эўрапейскага зьвязу». Прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту і Ціханоўская апублікавалі сумесны артыкул


Рабэрта Мэтсала і Сьвятлана Ціханоўская
Рабэрта Мэтсала і Сьвятлана Ціханоўская

Да Дня правоў чалавека ў мэдыя розных краін прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала і беларуская лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская апублікавалі сумесны артыкул.

Артыкул Рабэрты Мэтсалы і Сьвятланы Ціханоўскай апублікавалі Le Monde (Францыя), The Journal (Ірляндыя), Postimees (Эстонія), 15 min (Літва).

У артыкуле, у прыватнасьці, гаворыцца, што «ў сваёй ціхай барацьбе за свабоду і дэмакратыю народ Беларусі ўяўляе сабой маяк мужнасьці і стойкасьці. Нягледзячы на дзесяцігодзьдзі аўтарытарнага кіраваньня і сыстэматычных рэпрэсій, яны нястомна імкнуцца да свабоды. Гэта бітва, пра якую нельга забываць, асабліва ў гэты момант глябальнай нестабільнасьці».

На думку дзьвюх аўтарак, народу Беларусі «ўпарта адмаўляюць» у базавых каштоўнасьцях: павазе да чалавечай годнасьці і правоў, свабоды, дэмакратыі, роўнасьці і вяршэнства права.

Далей у артыкуле гаворыцца:

«Замест гэтага яны жывуць пад пастаянным запалохваньнем і пагрозамі. Яны жывуць ва ўмовах рэжыму, дзе людзей кідаюць у турмы па сфабрыкаваных абвінавачваньнях, дзе адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій па абвінавачваньні ў махлярстве, дзе сотні незалежных СМІ падвяргаюцца цэнзуры і вымушаныя закрыцца, дзе больш за тысячы няўрадавых арганізацый (НДА) пазбаўлены рэгістрацыі і ня могуць выконваць сваю працу. Яны жывуць пры рэжыме, які ўтрымлівае больш за 1500 палітвязьняў. Іншых прымушаюць жыць у выгнаньні, забіраюць пашпарты, знаходзяцца пад сьледзтвам, судзяць і завочна асуджаюць».

Аўтаркі артыкулу пішуць, што пагарджаючы дэмакратычнымі каштоўнасьцямі і правамі чалавека, цяперашні рэжым у Беларусі ўсімі магчымымі сродкамі трымаецца за ўладу. І робіць гэта нават шляхам пераўтварэньня краіны ў васальную дзяржаву Расеі, разьмяшчае расейскую ядзерную зброю каля межаў Эўразьвязу.

«Але сутнасьць Беларусі ўласьціва эўрапейская, закладзеная ў яе каштоўнасьцях, культуры і імкненьні да лепшай будучыні. Яе гістарычны радавод можна прасачыць да беларуса Францыска Скарыны, аднаго з самых раньніх асьветнікаў эўрапейскага Адраджэньня, і яго ўнікальнага ўнёску ў эўрапейскае мастацтва і думку, прыкладам якога зьяўляюцца фантастычныя творы Марка Шагала, якія перагукаюцца з эўрапейскімі ідэаламі.

Перад абліччам усё больш адчайных спробаў здушыць іншадумства беларусы прадэманстравалі непахісную прыхільнасьць у сваім імкненьні да свабоды і дэмакратыі. Гэта пераклікаецца з барацьбой і памкненьнямі незьлічоных эўрапейцаў на працягу гісторыі.

Эўрапарлямэнт паўтарае заявы беларускіх дэмакратычных лідэраў аб эўрапейскіх памкненьнях народу Беларусі. Нашы дзьверы заўсёды будуць адчыненыя для ўсіх тых эўрапейскіх дзяржаў, якія падзяляюць нашы каштоўнасьці і ідэалы і лічаць Эўропу сваім домам. У тым ліку і Беларусь, калі яна стане дэмакратычнай, свабоднай і незалежнай.

Да таго часу працяг уключэньня Беларусі ў эўрапейскі наратыў і захаваньне яе высокага месца ў парадку дня застаюцца важнымі для садзейнічаньня дэмакратычным пераходам у краіне і падтрыманьню незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.

У беларусах, украінцах і малдаванах знаходзіць сябе Эўропа. Знаходзіць каштоўнасьці, якія складаюць тканіну эўрапейскага праекту. Барацьба за дэмакратычную Беларусь — гэта ня толькі барацьба нацыі; гэта барацьба за захаваньне каштоўнасьцяў, якія вызначаюць наш кантынэнт.

Таму Эўрапарлямэнт заклікае працягваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці. Гэта азначае ўзмацненьне санкцый супраць нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі за яго злачынствы і ўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны. Нам таксама патрэбна адзіная пазыцыя, каб абараніць і падтрымаць тых, хто ўцёк ад рэпрэсій і хто знайшоў прытулак у Эўрапейскім Зьвязе».

У заканчэньні артыкулу Рабэрта Мэтсала і Сьвятлана Ціханоўская адзначаюць, што палітыкам і грамадзянам краін Эўразьвязу «вельмі важна разумець, што Эўропа ніколі ня зможа рэалізаваць увесь свой патэнцыял, пакуль Беларусь застаецца пад дыктатурай. Свабодная, дэмакратычная і незалежная Беларусь мае важнае значэньне для міру і бясьпекі ў Эўропе. Гэта адзіны шлях наперад для забесьпячэньня мірнай будучыні, якой эўрапейцы сапраўды заслугоўваюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG