Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя ў Расеі праводзіць рэйды ў гей-клюбах і фатаграфуе пашпарты наведнікаў


Акцыя актывістаў ЛГБТ-супольнасьці ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Акцыя актывістаў ЛГБТ-супольнасьці ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Днямі Вярхоўны суд Расеі прызнаў экстрэмісцкім «міжнародны рух ЛГБТ» і забараніў яго дзейнасьць у краіне. Пасьля гэтага ў гей-клюбах у Маскве прайшлі аблавы.

Рэйды паліцыі 1 сьнежня былі як мінімум у чатырох клюбах, дзе праходзілі ЛГБТ-вечарынкі.

«Пасярод вечарынкі спынілі музыку і пачалі праходзіць у залю. На вечарынцы былі таксама грамадзяне іншых дзяржаваў. На выхадзе фатаграфавалі пашпарты без дазволу гэта зрабіць. Схема адпрацаваная, так закрывалі падобныя клюбы ў Піцеры. У кагосьці паніка», — расказаў тэлеграм-каналу «Осторожно, Москва» наведнік бару на вуліцы Малой Якіманцы.

Яшчэ адзін клюб, «Центральная станция» ў Пецярбургу, 1 сьнежня сам аб’явіў аб закрыцьці. Яго гаспадары сказалі, што адразу пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ўладальнікі памяшканьня адмовіліся падаўжаць дамову арэнды з клюбам.

Журналіст мэдыя пра ЛГБТ Just Got Lucky Яраслаў Распуцін адзначыў у этэры «Настоящего Времени», што паліцэйскія аблавы праходзяць паводле даўно адпрацаванай схемы: сілавікі прыходзяць у клюбы нібыта шукаць наркотыкі, але гэта толькі нагода, каб зьбіраць асабістыя зьвесткі людзей, якія належаць да ЛГБТ-супольнасьці.

Распуцін лічыць, што рашэньне Вярхоўнага суду прызнаць экстрэмісцкім «міжнародны рух ЛГБТ» і аблавы ў гей-клюбах, якія пачаліся ўсьлед, — зьвязаныя рэчы.

Акрамя таго, пасьля прызнаньня «руху ЛГБТ» экстрэмісцкай арганізацыяй у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» быў абмежаваны доступ да кантэнту групы «Тату», а «Кинопоиск» пазначыў мультсэрыял пра поні, піша тэлеграм-канал «Sota».

Разьдзел «Тавары» ў групе «ЎКантакце» афіцыйнай супольнасьці гурту «Тату» ўсё яшчэ даступны. Выданьне адзначае, што год таму, пасьля прыняцьця закону аб «гей-прапагандзе», адміністратары групы выдалілі ўсе выявы пацалункаў салістак. Акрамя гэтага, онлайн-кінатэатар «Кинопоиск» паставіў пазнаку «18+» на мультсэрыял «Мой маленькі поні: Дружба — гэта цуд». Журналісты Sota выказалі здагадку, што прычынай стала блакітная поні Вясёлка Дэш з крыламі, вясёлкавымі грывай і хвастом.

Раней дэйтынг-дадатак Pure прыбраў для расейскіх карыстальнікаў магчымасьць паказваць сэксуальную арыентацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG