Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кожнае вашае слова і дзеяньне мае значэньне». Ціханоўская прапанавала беларусам 5 спосабаў, як рэагаваць на выбары 2024 году


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў з нагоды «Адзінага дня галасаваньня» ў Беларусі, які мае прайсьці 25 лютага 2024 году, і заклікала іх «ня даць падмануць сябе і выказаць нязгоду з выбарчым фарсам».

«Я заклікаю вас выказаць нязгоду з выбарчым фарсам — хаця я разумею, што ва ўмовах тэрору бясьпечных спосабаў амаль не засталося», — заявіла Ціханоўская і прапанавала 5 варыянтаў таго, што кожны беларус, на яе думку, «можа зрабіць ужо цяпер»:

  1. Пазьбягаць удзелу ў любых рэжымных мерапрыемствах.
  2. Чытаць незалежныя мэдыя для атрыманьня праўдзівай інфармацыі. Пры гэтым Ціханоўская параіла беларусам выкарыстоўваць VPN і прыбіраць «лічбавыя сьляды» — у мэтах іх асабістай бясьпекі.
  3. Не дазваляць рэжыму падмануць сябе, сваіх блізкіх і сяброў: тлумачыць, чаму тое, што абвясьціў Лукашэнка — гэта «бязвыбары».
  4. Зьбіраць доказы злачынстваў рэжыму і яго памагатых і перадаваць іх незалежным мэдыя і ініцыятывам. «Яны павінны ведаць, што панясуць адказнасьць за свае дзеяньні», — падкрэсьліла Ціханоўская.
  5. Выкарыстоўваць «сродкі творчага самавыражэньня» для выказваньня сваёй нязгоды з будучымі «выбарамі: музыку, кіно, мастацтва, сатыру і іронію, «нават размова на беларускай мове можа быць спосабам выражэньня нязгоды».

У сваёй прамове Ціханоўская таксама выказала меркаваньне, што ні беларусы, ні міжнародная супольнасьць не прызнаюць вынікі будучых выбараў.

  • У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасьля яго адбудзецца першае пасяджэньне Ўсебеларускага народнага сходу ў новым статуце.
  • Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць запоўнены блянк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасаваньня, так і ў дзень выбараў, за парушэньне пагражае адміністрацыйная адказнасьць. У 2020 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах многія выбарнікі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную плятформу «Голас», што стала адным са сьведчаньняў фальсыфікацыі ўладамі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG