Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны пяць гадзін мяне запужвалі, махалі кайданкамі перад тварам». Як у Беларусі затрымлівалі мадэль з OnlyFans


LoLiBela
LoLiBela

Дзяўчыну затрымліваў яе ж аднаклясьнік, раней яна была ў яго на вясельлі.

Мадэль расказала блогу «Галасы» пра затрыманьне, крымінальную справу і сутнасьць абвінавачаньняў.

Што такое OnlyFans

Гэта інтэрнэт-плятформа, якая дазваляе карыстальнікам разьмяшчаць кантэнт (фота, відэа, тэкставыя паведамленьні), камунікаваць з гледачамі і зарабляць такім чынам грошы. Напрыклад, частка кантэнту бясплатная, а частка эксклюзіўная, дзе трэба плаціць за падпіску. На сайце могуць разьмяшчацца і эратычныя, і парнаграфічныя ролікі, але ня толькі. На плятформе публікуюць касплэй (калі карыстальнікі пераапранаюцца ў вобраз нейкіх культавых пэрсанажаў), рэкляму вопраткі. У лік самых папулярных мадэляў плятформы ўваходзяць і тыя, хто стварае звычайны, не эратычны і не парнаграфічны кантэнт.

Як адбывалася затрыманьне

Дзяўчына пад нікам LoLiBela (сапраўднае імя ёсьць у рэдакцыі) з 2020 году не жыве ў Беларусі. Затрыманьне адбылося не ў лістападзе сёлета, як рапартавалі сілавікі, а ў траўні, калі яна прыехала да бацькоў пагасьцяваць у родную Бераставіцу.

У сваёй навіне горадзенская абласная міліцыя расказала, што дзяўчыну затрымалі праз падазрэньне ў распаўсюдзе парнаграфіі. І паказалі некалькі скрыншотаў, якія не пацьвярджалі афіцыйнай вэрсіі. LoLiBela катэгарычна адмаўляе, што распаўсюджвала нешта парнаграфічнае і кажа, што кантэнт быў бяскрыўдны. Да таго ж вырабляўся не ў Беларусі.

«Мяне затрымалі проста на вуліцы. Я якраз прыехала ў госьці да бацькоў. Адвялі ў пастарунак без тлумачэньняў. Пакуль я была ў пастарунку, яны забеглі ў кватэру і забралі ноўтбук – без панятых, бяз ордэраў. Пасьля яны прыехалі і пачалі мяне вінаваціць у распаўсюдзе і вырабе порна на тэрыторыі Беларусі. Я казала, што не займаюся нічым такім і не жыву ў Беларусі. Яны нічога не знайшлі на ноўтбуку. Мяне трымалі больш за 5 гадзінаў, спрабавалі прымусіць напісаць прызнаньне. Я не разумела, што адбываецца. На сваім працоўным ноўтбуку яны рабілі скрыншоты, вельмі груба сябе паводзілі. Знаходзілі звычайны фатаздымак у інстаграме і абражалі мяне», — расказвае дзяўчына.

Мадэль LoLiBela з сабакам
Мадэль LoLiBela з сабакам

Суразмоўца прыгадвае, што адзін зь міліцыянтаў хваляваўся і ўвесь час перапытваў, ці нічога ім за гэта ня будзе. Аднаго зь сілавікоў дзяўчына ведала зь дзяцінства, гэта яе аднаклясьнік.

«Я была на ягоным вясельлі. Ён мне часта пісаў, калі вёў нейкую справу, прасіў мяне шукаць нейкіх дзяўчат. Я проста не адказвала. У пастарунку мне далі нейкія паперы, нічога не далі мне прачытаць. Махалі ў мяне перад тварам кайданкамі, казалі, што пасадзяць проста зараз. Мне прыйшлося падпісаць тыя паперы. Гэта было ў траўні, і толькі праз 6 месяцаў я даведалася, што яны завялі нейкую справу. Як яны адкрылі справу, калі ў іх няма ніякіх пацьверджаньняў гэтых абвінавачаньняў? Ноўтбук, які яны забралі, ня мой, у бацькоў быў чэк на яго і ўпакоўка. На ім наагул нічога не было», — сьцьвярджае суразмоўца.

Таксама сілавікі ў сваёй навіне прымацавалі скрыншоты зь нібыта шалёнымі прыбыткамі дзяўчыны. LoLiBela гаворыць, што гэтыя скрыншоты ня маюць да яе ніякага дачыненьня.

«Там нейкія незразумелыя сумы, яны не знайшлі маёй карткі. Яны проста напісалі так, як ім зручна. Гэта нейкія іхныя скрыншоты. Перад затрыманьнем я і так зьбіралася ехаць. На наступны дзень пасьля затрыманьня я паехала. Напэўна, яны сачылі за маімі сацыяльнымі сеткамі. Яны не разумеюць, што такое OnlyFans, гэта не пляцоўка для порна, там хоць карціны можна свае паказваць», — кажа суразмоўца.

LoLiBela
LoLiBela

LoLiBela гаворыць, што пераехала зь Беларусі ў 2020-м, пасьля адпрацоўкі пасьля каледжа.

«Я люблю падарожнічаць, вырашыла паглядзець, як жывуць за мяжой. Ад’езд плянавала яшчэ са школы. Назад у найбліжэйшай будучыні я не зьбіраюся. Зь Беларусі шмат дзяўчат робяць свой кантэнт на OnlyFans. Многія выяжджаюць, бо баяцца, што ў Беларусі могуць завесьці крымінальную справу нават за звычайныя фатаздымкі ў Instagram. Там немагчыма рабіць хоць нейкі блог. Дзяўчаты робяць абсалютна розны кантэнт, і ён у асноўным бяскрыўдны», — кажа дзяўчына.

І дадае, што зарабіць больш-менш прыстойныя грошы ў ейным родным горадзе проста няма дзе.

«Створана сыстэма для расправы над любым чалавекам»

Праводзіў затрыманьне старшы опэрупаўнаважаны групы па наркакантролі і гандлі людзьмі Бераставіцкага РАУС Ягор Панкевіч, старшы лейтэнант міліцыі. У інтэрвію бераставіцкай раёнцы ён кажа, што «праца ў праваахоўных органах — маё пакліканьне». Кажа, што да ягонага выбару «бацькі сьпярша паставіліся скептычна».

Як даведалася рэдакцыя, бацька Ягора Панкевіча Віктар таксама працаваў у міліцыі. Аднак яго звольнілі за службовую неадпаведнасьць. Ягор Панкевіч 2000 году нараджэньня, скончыў Магілёўскі інстытут МУС.

Фармальна для пачатку крымінальнай справы мусіць быць падстава. У гэтым сэнс крымінальнага права. Аднак камандны прынцып прымяненьня права прывёў да краху прававой сыстэмы, кажа прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар.

«Створана ілюзія законнасьці і правапрымяненьня ў краіне. Прытрымліваюцца фармальных нормаў, але калі аддаецца каманда, ёсьць неабходнасьць, то тады знаходзяць альгарытмы скажонага прымяненьня закону. Створана сыстэма для расправы над любым чалавекам, і гэта ня тычыцца толькі палітыкі. Да 2020 году такога асабліва не было. Умоўна, для міліцыі раней важна было перадаць справу ў Сьледчы камітэт, а ў іх — у суд. Дык Сьледчы камітэт мог знайсьці падставы завярнуць справу», — кажа Ўладзімір Жыгар.

Ён дадае, што супрацоўнік міліцыі мусіць праводзіць працу па сваім кірунку і даваць справаздачы. Калі ён справы сабе знаходзіць ня будзе, «зь ім хутка вырашаць пытаньне».

Пры гэтым міліцыянта ўсё яшчэ могуць звольніць за правіну, дадае Жыгар.

«Напрыклад, глядзяць за выкананьнем матэрыялаў праверкі. Калі супрацоўнік зьяўляецца ў стане алькагольнага ап’яненьня, яго звольняць. Могуць звольніць за невыкананьне рэжыму сакрэтнасьці, за праяву свавольства. Калі захацеў раптам перавесьціся ў іншы аддзел, напрыклад», — кажа Ўладзімер Жыгар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG