Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу ByPol перадалі ў Вярхоўны суд, чакаецца завочны працэс


Аляксандар Азараў, архіўнае фота
Аляксандар Азараў, архіўнае фота

Справу завочна расьсьледаваў Сьледчы камітэт у рамках так званага «спэцыяльнага вядзеньня».

Генэральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны суд для вызначэньня падсуднасьці крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўнікоў ByPol Аляксандра Азарава, Уладзіміра Жыгара, Мацьвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча, Алега Талерчыка. Справа расьсьледавалі ў парадку спэцвядзеньня.

Усіх абвінавачваюць у «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «змове з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня».

Найбольшую колькасьць артыкулаў выставілі Аляксандру Азараву, па адным зь іх можа пагражаць сьмяротнае пакараньне.

«Ніякіх злачынстваў я не зьдзяйсьняў і віны не прызнаю, — заявіў раней „Зеркалу“ Аляксандар Азараў. — Я даваў прысягу беларускаму народу і працягваю яму служыць далей. Лукашэнка і органы ўлады, якія ён стварыў, не зьяўляюцца легітымнымі, яны падпадаюць пад артыкул 357 Крымінальнага кодэксу Беларусі — „Незаконны захоп улады“».

Прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар раней заявіў, што на працы BelPol гэтая падзея ніяк не адаб'ецца:

«У Беларусі не існуе правасудзьдзя, і любыя дзеяньні людзей, якія незаконна ўтрымліваюць уладу, мы праігнаруем. Яны могуць маляваць і пісаць усё, што ім заўгодна».

  • Працэс „спэцыяльнага вядзеньня“» адмыслова ўведзены да тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой, ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму), Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму), Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).
  • Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG