Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыненьне агню ў Газе і вызваленьне закладнікаў адклалі

Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Вызваленьне закладнікаў, выкрадзеных падчас нападаў баевікоў ХАМАС на Ізраіль, у абмен на спыненьне агню ў сэктары Газа для дастаўкі гуманітарнай дапамогі адкладзена да пятніцы, 24 лістапада.

Пра гэта паведаміла канцылярыя прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу, перадае CNN.

У сераду ўрад Ізраіля зацьвердзіў умовы пагадненьня з палестынскай групоўкай ХАМАС (прызнана тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе), паводле якой прынамсі 50 выкрадзеных джыгадыстамі людзей — жанчын і дзяцей — будуць вызваленыя на працягу чатырох дзён, на якія прыйдзецца паўза ў баявых дзеяньнях. Пагадненьне, паводле неафіцыйных зьвестак, павінна было пачаць дзейнічаць у чацьвер раніцай.

Прычыны затрымкі працэсу незразумелыя. Ізраільскія чыноўнікі гавораць аб «нязначных дэталях» дамоўленасьцяў, якія павінны быць канчаткова ўзгоднены.

Як паведамляе з Ерусаліма ВВС, паводле адных дадзеных, ХАМАС не ратыфікаваў пагадненьне, паводле іншых — групоўка не дала Ізраілю сьпіс закладнікаў, якія павінны былі быць вызваленыя ў першы дзень. Гэты мэханізм зьяўляецца часткай пагадненьня.

Як паведамляе Times of Israel, Ізраіль ня будзе публікаваць зьвесткі закладнікаў да іх вызваленьня, каб не даваць семʼям ілжывых надзей, калі ўгода сарвецца.

Прэс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Белага дома Эдрыен Уотсан паведаміла CNN, што «пагадненьне было ўзгодненае і застаецца ўзгодненым. Бакі прапрацоўваюць апошнія лягістычныя дэталі». Паводле Ўотсан, неабходны дадатковы час для ўдакладненьня дэталяў, зьвязаных зь месцазнаходжаньнем і маршрутамі перамяшчэньня кожнага з закладнікаў, а таксама транспартнай лягістыкай.

Рашэньне пачакаць яшчэ адзін дзень, каб зьвесьці да мінімуму імавернасьць узьнікненьня праблем, паводле яе, было прынята Ізраілем сумесна з Катарам і Эгіптам, якія выступаюць пасярэднікамі пагадненьня аб спыненьні агню на чатыры дні для вызваленьня часткі закладнікаў, захопленых ХАМАС, і дастаўкі гуманітарнай дапамогі насельніцтву сэктару Газа.

Падчас нападаў баевікоў ХАМАС на Ізраіль былі забітыя больш за 1200 ізраільцян, пераважная большасьць зь іх мірныя жыхары. 240 чалавек былі ўзяты ў закладнікі. Падкантрольнае ХАМАС Міністэрства здароўя Газы сьцьвярджае, што з 7 кастрычніка падчас апэрацыі ў адказ ізраільскай арміі ў сэктары загінулі больш за 14 тысяч чалавек. Незалежных пацьверджаньняў гэтым зьвесткам няма.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў. Аднак ужо неўзабаве гэты мірны плян правалілі.
  • 8 кастрычніка на пасярэдніцкіх перамовах у Эгіпце два бакі ў чарговы раз дамовіліся пра спыненьне агню. Гэта першая частка годы, распрацаванай адміністрацыяй прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG