Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд вызваліў Тацяну Пыцько з-за кратаў, а відэаапэратару Вячаславу Лазараву зьменшыў тэрмін пакараньня


Тацяна Пыцько і Вячаслаў Лазараў
Тацяна Пыцько і Вячаслаў Лазараў

Апэляцыйныя скаргі на прысуд Віцебскага абласнога суду ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Вярхоўнага суду Беларусі Юры Руткоўскі.

Ён перакваліфікаваў склад злачынства, паводле якога асудзілі сужэнцаў Тацяну Пыцько і Вячаслава Лазарава. Новы вырак ім вынесены паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («Уваходжаньне асобы ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні)»).

Пра вынікі сёньняшняга судовага разгляду службе маніторынгу БАЖ паведаміў праваабаронца Павал Левінаў.

Паводле рашэньня калегіі ў крымінальных справах Вярхоўнага суду, Вячаслаў Лазараў мае адбыць 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Раней суд першай інстанцыі прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361-4 КК («Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Тацяну Пыцько судзьдзя абласнога суду Яўген Буруноў раней асудзіў паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»), а вынікам разгляду апэляцыйнай скаргі стала вызваленьне з-пад варты. Вярхоўны суд прысудзіў ёй тое самае пакараньне — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на тры гады. Пыцько мусяць вызваліць зь віцебскага СІЗА, дзе яна правяла амаль паўгода.

  • Відэаапэратара-фрылансэра Вячаслава Лазарава затрымалі 9 лютага 2023 году ў Віцебску пасьля ператрусу па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамэру. Таксама сілавікі правялі ператрусы ў кватэры, якую наймаў Лазараў, і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Пыцько, адкуль забралі ноўтбук і два тэлефоны.
  • Жонку відэаапэратара-фрылансэра затрымалі 6 чэрвеня 2023 году — пасьля чарговага ператрусу. На момант затрыманьня Пыцько была ў дэкрэтным адпачынку — гадавала супольную зь Вячаславам дачку, якой тады быў 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку зьмясьцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Тацяны. Дваіх старэйшых дзяцей Тацяны ад першага шлюбу даглядае іх родны бацька.
  • 25 верасьня Лазарава і ягоную жонку Пыцько асудзілі паводле абвінавачаньня ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», прызнаным беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваньнем»: Вячаслава — за відэаматэрыялы, паказаныя на тэлеканале, Тацяну — за тое, што дапамагала мужу падчас здымак. Працэс у абласным судзе таксама быў закрыты, таму складана меркаваць, на якіх фактах базуецца абвінавачаньне.
  • Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала сужэнцаў палітычнымі вязьнямі.
  • Пыцько і Лазарава ўжо раней затрымлівалі падчас пратэстаў 2020 году. Тацяне тады прысудзілі штраф паводле адміністрацыйнага артыкула «ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а Вячаслава затрымалі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, але адпусьцілі без складаньня пратаколу. Увосень таго ж году ў Лазарава правялі ператрус і затрымлівалі яго яшчэ тройчы, але да суду справа не даходзіла.
  • У 2018–2019 гадах відэаапэратара некалькі разоў штрафавалі за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі ў МЗС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG