У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі аб інцыдэнце на мяжы зь Беларусьсю, калі два беларусы ў камуфляжнай форме з маскамі на тварах пашкодзілі загароду, каб пераправіць на літоўскую тэрыторыю 10 незаконных мігрантаў.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні памежнай службы Літвы, інцыдэнт адбыўся 18 лістапада ў Зарасайскім раёне Літвы, але літоўскія памежнікі хутка адрэагавалі, таму ніводзін мігрант ня трапіў у Літву.
«Няма сумневу, што гэты інцыдэнт арганізавалі беларускія чыноўнікі, якія такім чынам пастаянна спрабуюць арганізаваць пераход нелегальных мігрантаў са сваёй краіны ў суседнія краіны Эўразьвязу», — адзначаецца ў паведамленьні.
Калі літоўскія памежнікі зьявіліся на месцы інцыдэнту, адзін мігрант, які пасьпеў перайсьці мяжу, пабег назад, а іншыя дзевяць не пасьпелі перайсьці праз пашкоджаную загароду.
У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі, што ў 2023 годзе зафіксавалі 85 спробаў пашкодзіць «сьцяну», усталяваную на мяжы зь Беларусьсю, каб спыніць паток незаконных мігрантаў зь Беларусі.