Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы замацаваліся на некалькіх пляцдармах на левым беразе Дняпра каля Херсона

Група ўкраінскіх марскіх пяхотнікаў адплывае зь берага Дняпра на лінію фронту пад Херсонам, 14 кастрычніка 2023
Група ўкраінскіх марскіх пяхотнікаў адплывае зь берага Дняпра на лінію фронту пад Херсонам, 14 кастрычніка 2023

Камандаваньне марской пяхоты Ўзброеных сіл Украіны пацьвердзіла, што ўкраінскія вайскоўцы замацаваліся на некалькіх пляцдармах на левабярэжжы Херсона.

Сілы абароны Ўкраіны правялі сэрыю пасьпяховых дзеяньняў на левым беразе ракі Дняпро на Херсонскім кірунку. Марскім пяхотнікам ва ўзаемадзеяньні зь іншымі падразьдзяленьнямі Сіл абароны ўдалося замацавацца на некалькіх пляцдармах, — паведамляе марская пяхота Ўкраіны на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

У Ваенна-марскіх сілах Украіны паведамляюць, што падчас баёў расейскія войскі панесьлі цяжкія страты ў жывой сіле і тэхніцы, у прыватнасьці супернік страціў 1216 забітымі і 2217 параненымі асабовага складу, 24 танкі, 89 артылерыйскіх сыстэм і мінамётаў, а таксама іншую.

Аб стварэньні пляцдарма на левабярэжжы Херсона раней заяўлялі аналітыкі Амэрыканскага інстытуту вывучэньня вайны (ISW) і праекту Deep State.
У нядаўняй справаздачы ISW пісаў аб больш маштабных апэрацыях УСУ на левым беразе Херсонскай вобласьці.

У Інстытуце вывучэньня вайны зважалі, што расейскі бок паведамляў аб нібы беспасьпяховых нападах УСУ з цэнтру Крынак і нападах у раёне н.п. Поймы, тады як украінцы сьцьвярджалі, што Ўзброеныя сілы адцясняюць расейскія войскі на 3-8 кіламетраў ад усходняга берага Дняпра.

Аналітыкі лічаць, што, улічваючы дадзеныя з абодвух бакоў, можна ўсё ж выказаць здагадку, што геаграфічна маштаб высілкаў «значна большы» за тое, што пакуль паказвае любая даступная адкрытая крыніца.

Напярэдадні прадстаўнікі падкантрольнай Расеі акупацыйных уладаў левабярэжжа Херсоншчыны ўпершыню прызналі наяўнасьць украінскіх падразьдзяленьняў у вёсцы Крынкі на левым беразе Дняпра. Да гэтага часу аб наяўнасьці ўкраінскіх сіл на левым беразе Дняпра з расейскага боку паведамлялі толькі ваенныя блогеры — яны пісалі пра гэта прыкладна зь сярэдзіны кастрычніка.

Таксама на гэтым тыдні аб посьпехах УСУ ў Херсонскай вобласьці заявіў старшыня Офіса прэзыдэнта Андрэй Ярмак.

«Нягледзячы на тое, Узброеныя сілы Ўкраіны захапілі пляцдарм на левым беразе Дняпра», — сказаў ён, не раскрываючы іншых падрабязнасьцяў, у выступе ў Інстытуце Гадсана ў Вашынгтоне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG