Праца па арганізацыі выхаду беларускіх грамадзян і іх сем’яў з сэктара Газа была праведзена беларускім бокам у кантакце з калегамі з Ізраілю і Эгіпту, а таксама пры садзейнічаньні Расеі і Катара, паведамілі раней у Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Беларускія грамадзяне прайшлі праз памежны пераход «Рафах» на тэрыторыю Эгіпта.
На мяжы з сэктарам Газа іх сустрэлі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, якія, як піша БелТА, выконвалі даручэньне Аляксандра Лукашэнкі. Паведамляецца, што сярод тых, хто выйшаў з Газы, шмат дзяцей.
Па беларусаў быў адпраўлены гуманітарны рэйс «Белавія» з мэдыкамі і псыхолягамі з МНС на борце. Пасьля прыбыцьця яны аказалі неабходную дапамогу дарослым і дзецям.
- 6 лістапада самалёт з грамадзянамі Беларусі вылецеў з Тэль-Авіва. Спэцыяльны рэйс авіякампаніі «Белавія», як паведамляў тэлеграм-канал «Глас МИДа», вылятаў з ізраільскага аэрапорту імя Бэн-Гурыёна. На борце было 117 грамадзян Рэспублікі Беларусь.
- Канал не паведаміў, ці спаганялі з суайчыньнікаў грошы за рэйс, названы ўладамі «гуманітарным». Раней была інфармацыя, што на гэты самалёт трэба было купляць білеты, якія каштавалі звыш 500 даляраў.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
- Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.
Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.