Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль пра польскі танкавы батальён ля мяжы зь Беларусьсю: Менск ведае, што рабіць


Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак наведаў дывізію, якая ствараецца на мяжы зь Беларусьсю. 12 лістапада 2023 году.
Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак наведаў дывізію, якая ствараецца на мяжы зь Беларусьсю. 12 лістапада 2023 году.

Фармаваньне Польшчай танкавага батальёну ля мяжы зь Беларусьсю зьяўляецца «яшчэ адным крокам да напружанасьці», заявіў 13 лістапада прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

Паводле яго слоў, якія перадае ТАСС, у гэтай сытуацыі Менск «ведае, што рабіць».

«Яны (беларускія ўлады. — „Позірк“) робяць усё, што трэба ў гэтай сытуацыі, для забесьпячэньня бясьпекі», — сказаў Пяскоў.

Беларускі бок сытуацыю не камэнтаваў.

Пра фармаваньне танкавага батальёну ў складзе 1‑й пяхотнай дывізіі легіёнаў Войска Польскага ў Чартаеве (Сямятыцкі павет Падляскага ваяводзтва) за 30 км ад мяжы зь Беларусьсю паведаміў урадавы партал Польшчы.

Польскі міністар абароны Марыюш Блашчак, які наведаў падразьдзяленьне 12 лістапада, паведаміў, што батальён будзе аснашчаны танкамі К2 (баявая машына паўднёвакарэйскай вытворчасьці, прынятая на ўзбраеньне ў 2014 годзе).

Паводле яго слоў, у Польшчы «выдатна разумеюць, што крамлёўскія кіраўнікі пачалі вайну, бо хочуць аднавіць Расейскую імпэрыю». «Гэта заўсёды было небясьпечна для народаў, якія жылі па суседзтве, таму, каб не дапусьціць нападу на нашу Радзіму, мы ўмацоўваем войска», — заявіў міністар.

Фармаваньне 1‑й пяхотнай дывізіі пачалося ў верасьні 2022 году. Пасьля завяршэньня працэсу ў яе будуць уваходзіць 12 вайсковых адзінак, у тым ліку пяць брыгад, чатыры палкі і тры спэцбатальёны. Яны будуць дысьлякаваныя ў гарнізонах Падляскага, Мазавецкага, Варміньска-Мазурскага і Куяўска-Паморскага ваяводзтваў. Чакаецца, што агульная колькасьць асабовага складу дывізіі перавысіць 30 тысячаў.

Аляксандар Лукашэнка, віншуючы 11 лістапада народ Польшчы з Днём Незалежнасьці, выказаў спадзеў, што пасьля нядаўніх выбараў у парлямэнт «у Варшаве прыслухаюцца да голасу сваіх грамадзянаў з заклікам жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі ўсіх нацыяў і веравызнаньняў», а таксама «разгледзяць працягнутую Беларусьсю сяброўскую руку супрацоўніцтва».

Афіцыйныя стасункі Варшавы і Менску практычна замарожаныя. Польшча, як і іншыя дэмакратычныя краіны, лічыць сфальсыфікаванымі апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Зь вясны 2021 году Польшча, а таксама Літва і Латвія, зазнаюць ціск з боку нелегальных мігрантаў, спробам якіх трапіць у ЭЗ з тэрыторыі Беларусі беларускія пагранічнікі ніяк не перашкаджаюць, а наадварот, спрыяюць.

На знак пратэсту супраць крымінальнага перасьледу аднаго з лідэраў польскай мяншыні ў Беларусі Анджэя Пачобута Польшча пакінула адкрытымі толькі два памежныя пераходы — адзін для грузавога і адзін для легкавога транспарту.

Раней у Беларусі было разбурана або апаганена больш за дзясятак месцаў памяці палякаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG