Старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн у часе сваёй аўдыенцыі з Папам Рымскім абмеркавала шэраг гуманітарных праблемаў, зьвязаных з уцекачамі з Украіны і палітвязьнямі ў Беларусі.
«Я падзякавала сьвятому айцу за ягоныя намаганьні ў справе міру і малітвы, але я падкрэсьліла, што мір мусіць быць справядлівым. Мы таксама гаварылі пра тое, як Расея здольная выкарыстоўваць кожнае недакладнае або двухсэнсоўнае слова, каб апраўдаць сваю агрэсію. І наколькі важны ўплыў аказваюць словы Папы на народы, якія шукаюць свабоды і абараняюць дэмакратыю, мы самі адчулі, калі дамагаліся незалежнасьці. Гэтыя словы і падтрымка сёньня вельмі патрэбныя ўкраінцам і палітвязьням у Беларусі», — напісала Вікторыя Чміліце-Нільсэн на сваёй старонцы ў Facebook.
На афіцыйным сайце Сейму Літвы адзначаецца, што раней Папа Рымскі пералічыў місіі Caritas-Літва 100 тысяч эўра на падтрыманьне ўкраінцаў, якія ўцяклі ад вайны ў Літву.
Раней старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заяўляла, што аднаўленьне дачыненьняў зь Беларусьсю і Расеяй немагчымае ва ўмовах расейскай агрэсіі супраць Украіны. Кіраўніца літоўскага парлямэнту лічыць немагчымым перамовы «з рэжымам Лукашэнкі», які «трымае ў зьняволеньні, катуе, перасьледуе і жорстка душыць любыя зародкі дэмакратыі».