Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэміі за «патрыятычнае выхаваньне» і пазбаўленьне прэміяў: Лукашэнка заняўся заахвочваньнем дзеячаў культуры і спартоўцаў


Архіўнае фота. Лукашэнка ўручае прэмію «За духоўнае адраджэньне» паралімпійцу Аляксею Талаю, якога абвінавачваюць у незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, 11 студзеня 2022 году
Архіўнае фота. Лукашэнка ўручае прэмію «За духоўнае адраджэньне» паралімпійцу Аляксею Талаю, якога абвінавачваюць у незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, 11 студзеня 2022 году

Аляксандар Лукашэнка 10 лістапада падпісаў указы №350 і №351, якія ўносяць зьмены ў дзейнасьць ягонага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва і рэгулююць падыходы да заахвочваньняў спэцыяльнымі прэміямі дзеячаў культуры і мастацтва, а таксама спартоўцаў, паведамляе ягоная прэс-служба.

У падставы для ўручэньня прэміі «За духоўнае адраджэньне» ўключылі дзейнасьць па патрыятычным выхаваньні моладзі і рэалізацыі дабрачынных праектаў. Таксама дапоўнілі віды мастацтваў, у якіх будуць прысуджаць спэцыяльную прэмію.

Значна павялічылі памер прэміі «Беларускі спартовы Алімп» — да 350 базавых велічынь (цяпер гэта 12 950 беларускіх рублёў). Гэтую прэмію цяпер змогуць прысуджаць і «калектывам работнікаў арганізацый, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё фізычнай культуры і спорту».

Таксама ўказам вызначаны парадак пазбаўленьня спэцыяльных прэмій дзеячаў культуры і мастацтва, прэмій «За духоўнае адраджэньне» і «Беларускі спартыўны Алімп» і аднаўленьня ў правах іх ляўрэатаў. За што дзеячаў культуры цяпер могуць пазбавіць прэміі, не ўдакладняецца.

Фонд Лукашэнкі па падтрымцы культуры і мастацтва цяпер будзе таксама падтрымліваць «праекты па патрыятычным выхаваньні насельніцтва, захаваньні нацыянальных духоўных традыцый, вяртаньні культурных каштоўнасьцяў», а таксама сацыяльныя праекты і ініцыятывы для дзяцей-сірот, інвалідаў, старых і інш.

  • Апошнім часам рэжым Лукашэнкі актыўна ўзяўся за «патрыятычнае выхаваньне» дзяцей: у школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка, для дзяцей ствараюць вайскова-патрыятычныя клюбы. Да канца гэтага навучальнага году вайскова-патрыятычную клясу ці клюб плянуюць адкрыць у кожнай школе Беларусі.
  • Дашкольныя навучальныя ўстановы таксама актыўна займаюцца «патрыятычным выхаваньнем» дзяцей: праводзяць сустрэчы дзяцей з праваслаўнымі сьвятарамі і водзяць іх у цэрквы, ладзяць «патрыятычныя мерапрыемствы», у тым ліку з удзелам БРСМ, міліцыі, АМАПу, пракурорскіх работнікаў і вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG