Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіраньне аўтамата, адданасьць Лукашэнку і «беларусы — гэта рускія». Што дзецям прапануюць у вайскова-патрыятычных клюбах


Дзеці падчас наведваньня выставы зброі
Дзеці падчас наведваньня выставы зброі

Каб зрабіць зь беларускіх дзяцей «патрыётаў», улады ўсур’ёз узяліся за вайскова-патрыятычнае выхаваньне. Улетку з гэтай мэтай працавалі лягеры пад апекай сілавікоў. Ад пачатку навучальнага году для школьнікаў стварылі амаль 20 вайскова-патрытычных клюбаў, а ў школах увялі пасаду адмысловага ваенна-патрыятычнага выхавацеля.

Мы паглядзелі, які ўзор патрыятызму і іншыя ўменьні ўкладаюцца ў галовы дзяцей у згаданых клюбах, летніках і новымі выхавальнікамі ў школах і нават дзіцячых садках.

Клюбы па ініцыятыве Карпянкова

Мікалай Карпянкоў (у вайсковай форме) і Ігар Карпенка, 2021 год (трэці справа), падчас прэзэнтацыі ваенна-патрыятычнага клюбу ў Менску
Мікалай Карпянкоў (у вайсковай форме) і Ігар Карпенка, 2021 год (трэці справа), падчас прэзэнтацыі ваенна-патрыятычнага клюбу ў Менску

Такія клюбы існавалі і раней, але пасьля пратэстаў у 2020 годзе ўлады вырашылі ўзяцца за выхаваньне маладых беларусаў яшчэ больш грунтоўна. У траўні 2022 году Лукашэнка падпісаў закон аб разьвіцьці гэтых клюбаў і фінансаваньні іх зь бюджэту.

У законе гаворыцца, што клюбы ствараюцца па рашэньні намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова. Гэта той самы Карпянкоў, які да лістапада 2021 году кіраваў ГУБАЗіКам. Ён стаў шырока вядомы пасьля таго, як разьбіў дубінкай шкло ў дзьвярах менскай кавярні O’Petit 6 верасьня 2020 году, каб затрымаць удзельнікаў мітынгу. Пазьней Карпянкоў публічна называў апазыцыю за мяжой «шалёнымі сабакамі, якія заслугоўваюць толькі аднаго — сьмерці».

У ваенна-патрыятычныя клясы СШ №93 у Менску ўступілі ў кастрычніку 90 дзяцей. Школьнікі далі ўрачыстую клятву і атрымалі пасьведчаньні навучэнцаў ваенна-патрыятычных клясаў з рук курсантаў і афіцэраў Ваеннай акадэміі.
У ваенна-патрыятычныя клясы СШ №93 у Менску ўступілі ў кастрычніку 90 дзяцей. Школьнікі далі ўрачыстую клятву і атрымалі пасьведчаньні навучэнцаў ваенна-патрыятычных клясаў з рук курсантаў і афіцэраў Ваеннай акадэміі.

Клюбы для дзяцей і моладзі на задуму Карпянкова ствараюцца на базе вайсковых падразьдзяленьняў, МУС, Мінабароны, Памежнага камітэту і «захоўваюць найлепшы досьвед вайскова-патрыятычнага выхаваньня часоў СССР». Улады хваляцца, што ахвочых трапіць у клюбы так шмат, што бацькі нават пішуць скаргі, калі іхныя дзеці туды не трапляюць. Тым ня менш увесну гэтага году агенцтва БелТА паведамляла, што ў вайскова-патрыятычных клюбах займаецца ўсяго каля тысячы дзяцей.

Якія мэты ў гэтых клюбаў?

Іх стваральнікі сьцьвярджаюць, што мэта клюбаў — выхаваньне, пазытыўнае мысьленьне, фармаваньне ў дзяцей і моладзі грамадзянскасьці, пачуцьця патрыятызму, вернасьці сваёй Радзіме і гатоўнасьці выконваць задачы ў абароне Айчыны. Часта гучыць яшчэ адна мэта — падрыхтаваць будучых салдатаў і сілавікоў.

У красавіку прадстаўнікі Мінабароны і МУС правялі прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную працы клюбаў. Намесьнік камандзіра в/ч 3214 у ідэалягічнай працы Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі падпалкоўнік Аляксандар Бражыцкі агучыў тады яшчэ мэту:

«Прышчапіць любоў да сьцяга, да гімна. Што пасееш, тое пажнеш. У нас самая лепшая моладзь. Чыстая, сьветлая, гэта нашая будучыня. І яны настолькі ўсё ўсмоктваюць, і гаварыць, што яны нечага ня хочуць... Гэта мы ня хочам, дарослыя, імі займацца. Маўляў, вуліца іх выхавае. Так, вуліца выхавае, мы памятаем 2020 год, і яны пойдуць зусім па іншым баку, у адрозьненьне ад нас».

Былы міністар адукацыі Ігар Карпенка (цяпер кіраўнік ЦВК), які актыўна летась падтрымаў стварэньне гэтых клюбаў, казаў, што клюбы дапамагаюць «адарваць» маладых людзей ад гаджэтаў і абараніць іх ад дэструктыўнага ўзьдзеяньня.

Адкрыцьцё ваенна-патрыятычнага клюбу ў Менску
Адкрыцьцё ваенна-патрыятычнага клюбу ў Менску

Як улады плянуюць дасягаць сваіх мэтаў?

Вайскова-патрыятычныя клюбы дзейнічаюць на базе вайсковых частак. Напрыклад, у в/ч 3214 (той самай, салдаты якой бяруць актыўны ўдзел у гвалце над мірнымі пратэстоўцамі) функцыянуе клюб «Рысь», у якім займаюцца больш за 100 дзяцей.

На базе в/ч 5448, напрыклад, працуе клюб «Граніт». Там дзеці займаюцца гімнастыкай і рукапашным боем, заняткамі па дапрызыўнай падрыхтоўцы.

Дзяцей вучаць карыстацца зброяй. Возяць іх прыбіраць «Лінію Сталіна», сьвяткуюць зь імі 9 траўня і праводзяць сустрэчы з праваслаўнымі сьвятарамі.

Вайскова-патрыятычныя клюбы адкрываюцца ня толькі на тэрыторыі школаў. У верасьні клюб «Доблесьць» адкрыўся на базе адукацыйнага цэнтру «Кантакт» у Менску. Шэфства над клюбам узяла 86-я брыгада сувязі.

Адкрыцьцё клюбу «Доблесьць»
Адкрыцьцё клюбу «Доблесьць»

Дзяцей возяць на дні адчыненых дзьвярэй у розных вайсковых частках або на палігоны. Адно з такіх мерапрыемстваў прайшло ў 25-м арсэнале ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня.

Дзеці са Стаўпецкага і Нясьвіскага раёнаў у вайсковай часткі
Дзеці са Стаўпецкага і Нясьвіскага раёнаў у вайсковай часткі

Штогод напярэдадні Дня спэцыяльнай выведкі ў 5-й асобнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня праходзіць спаборніцтва «Юны спэцназавец». Дзяцей там знаёмяць з рознымі відамі стралковай зброі, а таксама дазваляюць папрактыкавацца ў стральбе з пнэўматычнай вінтоўкі.

Летнікі ў вайсковых частках

За патрэбным Лукашэнку выхаваньнем сочаць і падчас дзіцячых спартыўна-патрыятычных лягераў. У 2021 годзе іх працавала 46, а сёлета ўжо 60. У вайсковых частках дзеці маглі знаходзіцца гадзінамі, а пры жаданьні і кругласутачна, з начлегам.

У 2021 годзе на іх пабывала 2000 дзяцей.

Напрыклад, віцебскія вучні летам наведвалі 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду. Амаль тры сотні школьнікаў прайшлі заняткі на паветрана-дэсантным комплексе, азнаёміліся з асноўнымі ўзорамі стралковай зброі брыгады, гісторыяй дэсантнага злучэньня, пастралялі з аўтамата на электронным трэнажоры, паглядзелі канцэрт вайсковага аркестра і фільм пра баявы шлях воінскай часткі.

Дзеці ў Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе
Дзеці ў Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе

Дзяцей возяць і на розныя экскурсіі. У ліпені выхаванцы вайскова-патрыятычнага клюбу «Волат» сумесна з прадстаўнікамі арганізацыі «Патрыёты Беларусі» (той самай, што брала актыўны ўдзел у праўладных аўтапрабегах) наведалі 38-ю Берасьцейскую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду.

Толькі за два тыдні ў чэрвені частка мелася прыняць больш за 10 тысяч дзяцей.

Школьнікі на такіх конкурсах спаборнічаюць у страявой падрыхтоўцы, разьбіраньні і зьбіраньні аўтамата, укладваньні рэчмяшка і рыштунку, разладаваньні магазына, кіданьні вучэбнай гранаты, аказаньні першай мэдыцынскай дапамогі і ў конкурсе «Меткі стралок».

Адкрыцьцё спартыўна-патрыятычнага лягера на базе 38-й Берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады.
Адкрыцьцё спартыўна-патрыятычнага лягера на базе 38-й Берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады.

Падчас летнікаў вайсковыя часткі арганізуюць для дзяцей выставы вайсковай тэхнікі. Адна зь іх адбывалася ў 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе, разам з выступленьнем воінаў-выведнікаў арганізавалі выставу ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі, у горадзе Жабінцы.

Удзельнікі ваенна-патрыятычнай акцыі «Дарагой Перамогі»
Удзельнікі ваенна-патрыятычнай акцыі «Дарагой Перамогі»

Чым займаецца вайсковы пэдагог у школе

Аб «правільным патрыятызьме» больш сур’ёзна цяпер мусяць дбаць і ў школах. Летась там увялі пасады кіраўнікоў вайскова-патрыятычнага выхаваньня. Адзінага падыходу ў працы такіх пэдагогаў пакуль няма, ім толькі нядаўна пачалі рыхтаваць навуковы дапаможнік. А пакуль падручніка няма, Мінабароны рэкамэндуе карыстацца дапаможнымі матэрыяламі на сваім сайце. Мы паглядзелі, што раяць расказваць вучням на такіх уроках.

Уладзімер Макараў
Уладзімер Макараў

Першым ідзе ўрок «Фальсыфікацыя гістарычнай памяці. Каму і навошта выгадны нэафашызм». Яе падрыхтаваў былы прэс-сакратар ідэалягічнага ўпраўленьня Мінабароны Ўладзімер Макараў. Ён вядомы тым, што адмаўляў злачынствы НКВД у Курапатах, называў праціўнікаў вайсковых парадаў «нашчадкамі Вільгельма Кубэ», апанэнтаў улады — «лібэроіднай сэктай», а Лукашэнку — «дзеячом новага стагодзьдзя» і прапаноўваў вучыцца ад кітайскіх камуністаў, як бараніць уладу.

Урок складаецца з 24 слайдаў і пачынаецца ад словаў Сталіна ў 1943 годзе пра роспуск камуністычнага Інтэрнацыяналу. У прэзэнтацыі ёсьць і скандальная карціна Міхаіла Савіцкага «Летні тэатар» з цыклю «Лічбы на сэрцы», на якой выяўлены ахвяры Галакосту і вязень з жоўтай зоркай на робе, які забірае целы ў крэматорый.

У савецкі час карціна выклікала абвінавачаньні аўтара ў антысэмітызьме, паколькі паказвала габрэя саўдзельнікам злачынстваў нацыстаў.

Далей расказваецца, як «бандэраўцы» зьнішчылі 100 тысяч палякаў падчас валынскай бойні — з падрабязным апісаньнем жорсткіх спосабаў забойстваў. Сярод іх, напрыклад, распорваньне дзецям жывата, зьдзіраньне скуры і заліваньне цела гарачай вадой, прыбіваньне дзяцей цьвікамі да дрэваў і дзясяткі іншых. Далей у прэзэнтацыі здымак Міхаіла Гарбачова суседнічае зь нямецкімі жаўнерамі часоў ІІ сусьветнай вайны і надпісам «Найлепшыя немцы».

Мінабароны рэкамэндуе таксама паказваць на ўроках здымкі забітых немаўлят, падпісаных як ахвяры амэрыканскага бамбаваньня Югаславіі.

Ёсьць там слайд, на якім гаворыцца, што польскія нацыяналісты падчас вайны гулялі ў футбол галовамі забітых габрэяў, або цытата пра тое, што «сутнасьць беларуса — рускасьць».

Таксама сярод прапанаваных матэрыялаў слайды для ўроку «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Латыскія, польскія, украінскія нацыяналісты як памагатыя акупантаў». У ёй зьмяшчаецца сэнсацыйнае сьцьверджаньне, што легіянэры Арміі Краёвай у Стаўпецкім раёне забілі са сьнежня 1943-га да ліпеня 1944 году 6000 мірных жыхароў.

Амаль усе прапановы для вайскова-патрыятычнага выхаваньня прысьвечаныя гісторыі ІІ сусьветнай вайны. Але ёсьць там, напрыклад, відэазварот вэтэранаў, якія цытуюць заявы Лукашэнкі, ганяць Эўропу, якая нібыта хоча адабраць у Беларусі яе землі, і заклікаюць дзяцей быць адданымі кіраўніцтву краіны.

Толькі адна прапанова вайсковаму пэдагогу на сайце Мінабароны прысьвечана мэдычнай дапамозе.

Але гэта ня ўсе спосабы, дзякуючы якім улады хочуць паўплываць на выхаваньне дзяцей. Пры школах у Беларусі сёньня працуе амаль 1500 музэяў, зь іх больш за 200 — ваенна-гістарычнага профілю. Але практычна ва ўсіх ёсьць ваенныя экспазыцыі. У 2022/2023 навучальным годзе ўлады паставілі задачу кожнай установе агульнай сярэдняй адукацыі стварыць музэй, музэйны пакой, а таксама тэматычныя экспазыцыі, «прысьвечаныя Году гістарычнай памяці, генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Вайскоўцы і самі наведваюць школы. Гэтыя візыты апісвае тэлеграм-канал Мінабароны. У верасьні вайскоўцы 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады прынялі ўдзел у тэматычнай кляснай гадзіне «Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь» у сярэдняй школе № 1 Маларыты.

Яны прачыталі лекцыю і азнаёмілі вучняў з узорамі вайсковай формы і стралковай зброі. Такіх сустрэч толькі згаданая група вайскоўцаў правяла некалькі дзясяткаў.

У рэкамэндацыі Міністэрства адукацыі ўсім пэдагогам, ня толькі вайсковым, прапануюць у гэтым навучальным годзе актыўна ладзіць конкурсы на ваенную тэматыку, чытаньні кніг пра вайну, прагляд фільмаў пра вайну, наведваць памятныя месцы, зьвязаныя з вайной, праводзіць адкрытыя ўрокі, прысьвечаныя «генацыду беларускага народу».

«Мілітарысцкі культ – адзін з важных элемэнтаў выхаваньня моладзі пры дыктатурах»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч зьвяртае ўвагу на некалькі аспэктаў, камэнтуючы ўвагу ўладаў да ваенна-патрытычнага выхаваньня.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

«Любы дыктатарскі рэжым плянуе існаваць вечна. Ва ўсялякім разе ён імкнецца гарантаваць свой статус на дзесяцігодзьдзі наперад. Таму такую ўвагу ўдзяляюць улады выхаваньню падрастаючага пакаленьня. Сыстэма адукацыі ўзятая пад жорсткі кантроль. Цяпер без характарыстыкі, у якой пазначана адданасьць існаму рэжыму, нельга будзе паступіць у ВНУ.

Мілітарысцкі культ – адзін з важных элемэнтаў выхаваньня моладзі пры дыктатурах. Што пацьвярджае гісторыя ўсіх падобнага роду рэжымаў. Таму невыпадкова ў школах летась увялі пасады кіраўнікоў вайскова-патрыятычнага выхаваньня. Нядаўна Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову ствараць ліцэі для падрыхтоўкі супрацоўнікаў МУС па ўсёй краіне. І вось вайскова-патрыятычныя клюбы.

Распальваньне нянавісьці да «ворагаў», мілітарызацыя сьвядомасьці, выхаваньне на савецкай міталёгіі – усё гэта яскравыя прыкметы фармаваньня ў Беларусі таталітарнага рэжыму». — гаворыць Валер Карбалевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG