Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пачаўся суд над беларускім добраахвотнікам, якога абвінавачваюць у сьмерці пабраціма


Акруговы суд Вільні
Акруговы суд Вільні

Працэс праходзіць у акруговым судзе літоўскай сталіцы. На просьбу маці загінулага суд зрабілі закрытым на першым ж паседжаньні.

Трагічны інцыдэнт адбыўся 18 сьнежня 2022 году ў Вільні, на адной з гарадзкіх кватэр, дзе разам апынуліся абвінавачаны і меркаваная ахвяра. Паводле сьледзтва, былы баец палка Каліноўскага (на просьбу абвінавачанага не называем ягонага імя, яно ёсьць у рэдакцыі. — РС) нажом забіў свайго пабраціма. Сьледзтва даказвае віну беларуса з дапамогай заключэньняў экспэртаў, на працэс таксама выклікалі некалькі сьведак.

Абвінавачаны, якому паводле літоўскага заканадаўства пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня, дагэтуль сваёй віны не прызнаваў. Паводле беларуса, ягоны знаёмы скончыў жыцьцё самагубствам, а пасьля таго, як гэта адбылося, абвінавачаны спрабаваў аказаць яму дапамогу. Пракамэнтаваць пачатак працэсу ён адмовіўся. У ранейшых інтэрвію Свабодзе абвінавачаны расказваў, што ўсё адбылося надзвычай хутка.

«Я еў макарону і пачуў нейкі грукат, паварочваю галаву — і бачу, як ён стаіць з нажом у грудзях. Я ў шоку быў, кінуўся, хацеў дастаць гэты нож, і гэта была памылка, ня трэба было чапаць. Але я быў у стане поўнага шоку. За адно імгненьне кінуўся да яго. Ён не даваў мне выцягнуць, наадварот, яшчэ болей у сябе ўціскаў. Ён увесь гэты час стаяў, я паклаў яго і стаў клікаць на дапамогу», — гэтак апісваў інцыдэнт абвінавачаны ў размове з журналістам Свабоды, якая адбылася ў жніўні.

Да таго часу беларус прабыў 8 месяцаў пад арыштам, трымаў галадоўку, бо не пагаджаўся з выстаўленым абвінавачаньнем і патрабаваў экспэртызы на паліграфе. У жніўні былому добраахвотніку зьмянілі меру стрыманьня на знаходжаньне дома з адмысловым бранзалетам сачэньня, але абвінавачаньне не зьнялі. Праз тое, што расьсьледаваньне цягнулася больш за 6 месяцаў, справу перадалі на разгляд у акруговы суд Вільні.

Акруговы суд Вільні
Акруговы суд Вільні

Сёньняшняе першае паседжаньне суду цягнулася ня больш за гадзіну. Пасьля высьвятленьня асобы абвінавачанага суд выслухаў маці меркаванай ахвяры, якая прызнаная ў справе пацярпелай. Жанчына знаходзіцца ў Беларусі, з судом яна размаўляла празь відэасувязь. Пацярпелая папрасіла літоўскі суд зрабіць працэс закрытым зь меркаваньняў уласнай бясьпекі.

«Судовая сыстэма ў Беларусі, дзе я знаходжуся, перасьледуе людзей, якія бралі ўдзел у падзеях пасьля 2020 году. На жаль, я асьцерагаюся, што калі будуць агучаныя некаторыя факты, мяне могуць затрымаць», — сказала пацярпелая. Хадайніцтва падтрымалі як дзяржаўны абвінаваўца, так і абвінавачаны і ягоны адвакат. У выніку судзьдзя абвясьціла, што далей працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Усім наведнікам, а іх было больш за дзесяць, давялося выйсьці з залі.

«Пазову выстаўляць ня буду»

Яшчэ да прыняцьця гэтага рашэньня была абвешчаная пазыцыя пацярпелай адносна грамадзянскага пазову на абвінавачанага. Раней яна не заявіла прэтэнзій і на судзе празь відэасувязь пацьвердзіла, што сваёй пазыцыі не зьмяніла. «Не, грамадзянскага пазову не выстаўляю», — сказала суду пацярпелая беларуска.

Бацька абвінавачанага беларуса Сяргей гэтак пракамэнтаваў тое, што маці загінулага ня выставіла пазову.

«Думаю, гэта лягічна, што яна ня хоча загадзя абвінавачваць іншага чалавека ў забойстве яе сына, а хоча аб’ектыўнага суду, каб ва ўсім разабрацца», — сказаў мужчына. Адносна прычыны меркаванага самагубства ахвяры інцыдэнту Сяргей адказаў, што ад сына нічога ня ведае аб прычынах, якія маглі падштурхнуць да такога ўчынку. «Ня чуў ад яго нічога пра гэта, а гадаць ня буду», — сказаў Сяргей.

Бацька абвінавачанага крытычна выказаўся пра некаторыя экспэртныя заключэньні ў справе сына. Паводле Сяргея, два заключэньні, зробленыя дзяржаўнымі экспэртамі, перадузятыя. «Выглядае, што сьледзтва адразу схілялася да вызначэньня гэтай справы не як інцыдэнту, а як забойства», — мяркуе Сяргей.

Адвакат абвінавачанага ад камэнтароў адмовіўся. Працэс над беларусам вядзецца на літоўскай мове, але абвінавачанаму дапамагае перакладчык зь літоўскай мовы на расейскую. Паводле сваякоў абвінавачанага, на мінулым тыдні зь яго зьнялі бранзалеты сачэньня і ён пачаў выходзіць на працу.

Працэс адновіцца 28 лістапада. На 8 сьнежня заплянаваны допыт сьведак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG