Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: Расея ўдарыла па цывільным судне пад сьцягам Лібэрыі пад Адэсай, ёсьць загінулы і параненыя


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Разбурэньні ў адэскім порце пасьля расейскага абстрэлу ў ліпені 2023 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Разбурэньні ў адэскім порце пасьля расейскага абстрэлу ў ліпені 2023 году

Расейскія войскі 8 лістапада нанесьлі ракетны ўдар па цывільным судне пад сьцягам Лібэрыі падчас яго заходу ў адзін з партоў Адэскай вобласьці, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, трое параненыя, паведамілі ў прэс-службе Сіл абароны поўдня Ўкраіны. У Мінабароны Расеі атаку не камэнтавалі.

«Ракета трапіла ў надбудову цывільнага судна пад сьцягам Лібэрыі ў момант яго заходу ў порт. Трое чальцоў экіпажу — грамадзяне Філіпін — параненыя, адзін зь іх шпіталізаваны. Лоцман загінуў, яшчэ адзін работнік порту атрымаў раненьні», — гаворыцца ў заяве паўднёвага камандаваньня Ўзброеных сіл Украіны.

Згодна з заявай УСУ, удар быў нанесены супрацьрадыёлякацыйнай ракетай Х-31П з самалёта тактычнай авіяцыі Вайскова-касьмічных сіл РФ, які знаходзіўся над Чорным морам.

Паводле міністра разьвіцьця грамадаў, тэрыторый і інфраструктуры Ўкраіны Аляксандра Кубракова, атакаванае расейскімі вайскоўцамі судна павінна было перавозіць жалезную руду ў Кітай. Ён таксама ўдакладніў, што ўдар па цывільным судне стаў «21-й мэтанакіраванай атакай» Расеі пасьля выхаду са збожжавага пагадненьня, у выніку чаго пашкоджаньні атрымалі 160 аб’ектаў інфраструктуры.

  • Расейскія войскі актывізавалі абстрэлы Адэскай вобласьці ўлетку 2023 году, калі Расея афіцыйна выйшла з пагадненьня па арганізацыі збожжавага калідора, па якім збожжа з Украіны накіроўвалася марскім шляхам праз Турэччыну ў замежныя краіны. З тых часоў расейскія войскі практычна штотыдзень наносяць удары па партовай інфраструктуры Адэсы ракетамі і дронамі-камікадзэ.
  • Тым ня менш Украіна стварыла часовыя калідоры ў Чорным моры, па якіх у парты Адэскай вобласьці зь сярэдзіны верасьня пачалі заходзіць замежныя судны. Кіеў тады таксама заявіў, што на маршруце захоўваецца пагроза з боку расейскага войска. Першы кантэйнэравоз, які знаходзіўся ў Адэсе зь лютага 2022 году, пакінуў порт 16 жніўня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG