Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне ствараюць альянс парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Такія групы ёсьць у 21 парлямэнце


Сьвятлана Ціханоўская выступае на канфэрэнцыі «Падтрымка дэмакратычнай Беларусі сіламі парлямэнтаў». Бэрлін, Нямеччына, 7 лістапада 2023
Сьвятлана Ціханоўская выступае на канфэрэнцыі «Падтрымка дэмакратычнай Беларусі сіламі парлямэнтаў». Бэрлін, Нямеччына, 7 лістапада 2023

У Бэрліне 7 лістапада пройдзе міжпарлямэнцкая канфэрэнцыя «Падтрымка дэмакратычнай Беларусі сіламі парлямэнтаў» для стварэньня кааліцыі дэпутацкіх груп сяброў новай Беларусі з парлямэнтаў эўрапейскіх краін.

Прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі ў сталіцы Нямеччыны паўдзельнічаюць у дэбатах на тэму Беларусі ў Бундэстагу. Заплянаваныя таксама сустрэчы зь нямецкімі палітыкамі — старшынёй Бундэстагу Бэрбэль Бас, дзяржаўным міністрам у пытаньнях Эўропы Аннай Люрман, дарадцам канцлера ў замежнай палітыцы і пытаньнях бясьпекі Енсам Плётнэрам, дзяржаўным сакратаром міністэрства ўнутраных справаў Бэрндам Крэсэрам.

Яны таксама возьмуць удзел у супольным мітынгу зь беларускай дыяспарай увечары 7 лістапада каля Брандэнбурскай брамы.

Пра падзеі ў Бэрліне, прысьвечаныя Беларусі, Свабодзе расказаў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.

— У Бэрліне 7 лістапада мы ўпершыню зьбіраем удзельнікаў дэпутацкіх групаў офлайн. Мы хочам, каб яны пазнаёміліся і падзяляліся тым, што кожны можа зрабіць для Беларусі і ці могуць у нас быць супольныя праекты ў межах 21 парлямэнту.

А што гэта за групы?

— Сетка парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» — рэальнасьць, і яна ўжо стала альянсам дэпутацкіх групаў. Пачыналі мы гадоў 15 ці 16 таму. У 2020 годзе ў нас было толькі дзьве такія парлямэнцкія групы — у парлямэнтах Літвы і Польшчы. У 2020 годзе такая група зьявілася ва Ўкраіне.

Цяпер існуе 21 такая група. Напрыклад, у Латвіі, калі мы пераконвалі палітыкаў не канфіскоўваць у беларусаў аўтамабілі на беларускіх нумарах, мы працавалі менавіта праз дэпутацкую міжфракцыйную групу «За дэмакратычную Беларусь». Гэта, можна сказаць, прабеларускае лобі. Гэта парлямэнтары, якія ў той ці іншай ступені маюць «вірус беларускасьці». Наяўнасьць такіх структураў і сеткі дае магчымасьць размаўляць і дыскутаваць, а таксама атрымліваць вынікі. І Латвія ня першы прыклад, які мы маем.

Наколькі гэтыя групы здольныя вырашыць практычныя пытаньні, апрача палітычных дыскусій?

— Тут сытуацыя такая — грукайся ва ўсе дзьверы, і нейкія ды адчыняцца. Фармальныя групы, якія ствараюцца дзеля птушачкі, доўга не жывуць. Наша праца цяпер зьведзеная да таго, каб знайсьці хаця б аднаго дэпутата, якому сапраўды баліць сэрца за Беларусь, які ведае, якія там людзі і праз што мы прайшлі. Калі ты знаходзіш такога парлямэнтара, то ў цябе будзе посьпех. А калі гэтыя людзі нічым не зьвязаныя і калі ты бачыш, што ў іхных вачах няма агеньчыка, то нічога не атрымаецца.

У нас вельмі розныя групы. Па-першае, у іх розны юрыдычны статус. У іх розная колькасьць чальцоў. Напрыклад, у Францыі шасьцёра парлямэнтароў, а ў італьянскім парлямэнце — 63. Ёсьць фракцыі, створаныя адной палітычнай групай. Напрыклад, у Малдове гэта толькі дэпутаты, якія ўваходзяць у партыю прэзыдэнткі Санду, а ў Грузіі парлямэнтары толькі з апазыцыі. Але ў нас адна задача — мы ўсе працуем для таго, каб трымаць Беларусь на міжнародным парадку дня. Гэта глябальная задача. А ўжо вельмі канкрэтныя пытаньні мы вырашаем асобна. З групамі ў Ірляндыі і Італіі мы спрабуем выкарыстаць дзеля Беларусі і беларусаў інфраструктуру, якая ў іх была створаная для падтрымкі чарнобыльцаў. Лукашэнка ўжо сказаў, што яму не патрэбны гэтыя праграмы рэабілітацыі для дзяцей. Мы хочам яе накіраваць на палітвязьняў і іх сем’і. Больш за 700 чалавек ужо выйшлі, і ім патрэбны падтрымка і рэабілітацыя. Менавіта так мы імкнёмся шукаць у супрацы з кожнай групай нешта спэцыфічнае.

У якіх краінах цяжка стварыць такія групы?

— Часам мы не знаходзім людзей, якім цікавая Беларусь. Але каб нам адмовілі ці забаранілі, такога не было. Зараз мы прапрацоўваем яшчэ некалькі краінаў, дзе б мы хацелі стварыць такую групу, напрыклад у Вугоршчыне. Гэта цікавая краіна, і нашы людзі мусяць бачыць ня толькі іхнага міністра замежных справаў, якія прыяжджае ў Беларусь і абдымаецца з Лукашэнкам. Любая дэмакратычная краіна — гэта плюралізм і розныя думкі. Мы знайшлі дэпутата, якому гэта вельмі цікава, які ведае пра Беларусь і хоча нешта рабіць. Ёсьць паўночныя краіны, дзе проста няма традыцыі стварэньня такіх групаў. Мы доўгі час размаўлялі ў нарвэжцамі, і яны ня вельмі разумелі, што гэта такое, але стварылі і там групу па Беларусі. Цяпер мы працуем зь нідэрляндцамі і датчанамі, бо там таксама няма такой практыкі.

Больш за тое, у нас ёсьць ідэя ствараць дэпутацкія групы на ўзроўні мясцовага самакіраваньня ў тых месцах, дзе кампактна пражываюць беларусы. Я ўжо быў у Беластоку, Познані, Кракаве, Гданьску. Хай гэта будуць 2-3 дэпутаты, яны ня будуць гаварыць пра геапалітыку, але яны будуць дапамагаць беларусам, якія там пражываюць, іх інтэграцыі. У нас ёсьць Грузія, Польшча і Нямеччына.

А ці сустракалі вы парлямэнты, якія працягваюць супрацу з лукашэнкаўскімі дэпутатамі?

— Не. Гэта ўжо перагорнутая старонка. Калі яны і згадваюць Палату прадстаўнікоў, то як структуру, якую можна было б уносіць у «чорны сьпіс». Яны на іх ускладаюць адказнасьць за рэпрэсіі і палітвязьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG