Беларус змагаўся за свабоду Ўкраіны ад расейскай агрэсіі і загінуў у красавіку 2022 году.
Фонд «Вольная Беларусь», зарэгістраваны ў Львове (Украіна), паведаміў, што беларускаму добраахвотніку, які загінуў ва Ўкраіне, пасьмяротна ўручылі ўзнагароду «Хрест Хоробрих».
Пасьведчаньне аб узнагародзе падпісанае галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны Валерам Залужным.
30-гадовы Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласьці. Быў у складзе ротнай тактычнай групы, якая рабіла вылазкі ў тыл праціўніка. Перад сьмерцю «Ганс» зьнішчыў камандзіра расейскай групы.
Рубашэўскі родам зь Берасьця. Вучыўся ў будаўнічай вучэльні. Ваяваў з 2015 году. Прыехаў у Львоў на футбольны матч зборных Беларусі і Ўкраіны, так і застаўся.
Ваяваў у шэрагах «Правага сэктару». За абарону шахты Бутаўка меў грамадзкую ўзнагароду «Народны герой Украіны». Рубашэўскі меў некалькі раненьняў. У 2019 годзе ў баях страціў вока. Пасьля раненьня яго даглядала сястра загінулага пабраціма. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам, нарадзілася дачка.
Жыў у Львоўскай вобласьці. Пазыўны «Ганс» меў за нямецкую каску часоў Другой сусьветнай вайны. Апошнім часам служыў у складзе 24-й асобнай мэханізаванай брыгады князя Данілы Галіцкага.
Гэта ўжо ня першая пасьмяротная ўзнагарода «Ганса». У верасьні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўзнагародзіў Рубашэўскага ордэнам «За мужнасьць» ІІІ ступені.