Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса, які праз балоты перайшоў мяжу ва Ўкраіну, затрымалі для выдварэньня


Участак украінска-беларускай мяжы, на якой украінскія памежнікі вывешвалі бел-чырвона-белы сьцяг. Ілюстрацыйнае фота
Участак украінска-беларускай мяжы, на якой украінскія памежнікі вывешвалі бел-чырвона-белы сьцяг. Ілюстрацыйнае фота

Але да выдварэньня, згодна з заканадаўствам Украіны, грамадзянін Беларусі можа зьвярнуцца да міграцыйнай службы па атрыманьне міжнароднай абароны або статусу ўцекача.

Грамадзяніна Беларусі, які праз балоты дабраўся да ўкраінскай тэрыторыі, памясьцілі ў пункт часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства для далейшага прымусовага выдварэньня за межы Ўкраіны.

Як стала вядома Свабодзе, беларуса затрымалі на тэрмін, ня большы за шэсьць месяцаў.

Згодна з заканадаўствам Украіны, грамадзянін Беларусі ў часе знаходжаньня ў такім пункце можа зьвярнуцца да міграцыйнай службы па атрыманьне міжнароднай абароны або статусу ўцекача.

30 кастрычніка стала вядома, што грамадзяніна Беларусі затрымалі 24 кастрычніка ў часе незаконнага перасячэньня беларуска-ўкраінскай мяжы.

Ён змог прайсьці ад беларускай мяжы па ўкраінскай тэрыторыі ўсяго 800 мэтраў, калі яго заўважылі ўкраінскія памежнікі і затрымалі. Гэта адбылося на кірунку Парэ (Пінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — Ненькавічы (Ровенская вобласьць).

У судзе, які яго аштрафаваў на 8,5 тысячы грыўняў (прыблізна 240 даляраў у эквіваленце) за незаконнае перасячэньне мяжы, беларус паведаміў, што працаваў токарам на рачным порце ў Пінску і выступае супраць «палітычнага рэжыму ў Беларусі».

Што вядома пра пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў

Ва Ўкраіне для незаконных мігрантаў створаныя і дзейнічаюць тры пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі — у Мікалаеўскай, Чарнігаўскай і Валынскай абласьцях.

Рэжым утрыманьня грамадзян у такіх пунктах падобны да рэжыму ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Грамадзяне могуць свабодна перамяшчацца толькі па тэрыторыі пункту, насіць уласнае адзеньне, пісаць лісты, атрымліваць пасылкі, сустракацца з праваабаронцамі, адвакатамі, дыпляматамі ўстаноў краіны свайго паходжаньня.

Рашэньне аб прымусовым выдварэньні (рэадмісіі) затрыманыя грамадзяне могуць абскардзіць у судзе.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое адбылося ў тым ліку і зь беларускай тэрыторыі, украінскі ўрад ухваліў рашэньне аб закрыцьці ўсіх пунктаў пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы. Працуе толькі адзін пункт пропуску ў Валынскай вобласьці — празь яго пешшу перасякаюць мяжу грамадзяне Ўкраіны, якія вяртаюцца зь незаконнай дэпартацыі з Расеі.

Беларускія дыпляматы выехалі з Украіны ў сакавіку 2022 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG