Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль заявіў, што прычына антысэміцкай акцыі ў Дагестане — «умяшаньне звонку»


Аэрапорт Махачкалы, 30 кастрычніка 2023
Аэрапорт Махачкалы, 30 кастрычніка 2023

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін увечары 30 кастрычніка праводзіць у Нова-Агарове нараду ў сувязі з антысэміцкімі беспарадкамі, якія адбыліся напярэдадні ў аэрапорце Махачкалы (Дагестан), падчас якіх натоўп ледзь не расправіўся зь людзьмі, што прыляцелі з Ізраілю.

Пра падрыхтоўку нарады з удзелам практычна ўсіх чальцоў Рады бясьпекі РФ паведаміў прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў.

Сам Пуцін пакуль ня выказваўся пра беспарадкі. Пяскоў заявіў, што «падзеі вакол аэрапорту Махачкалы зьяўляюцца шмат у чым вынікам умяшаньня звонку». Расейскі МЗС заявіў, што да арганізацыі беспарадкаў мела дачыненьне Ўкраіна. У Кіеве гэта адмовілі.

Шэраг іншых афіцыйных асобаў і пракрамлёўскіх дзеячоў намякаюць таксама на магчымае дачыненьне да беспарадкаў краінаў Захаду. Як выказаўся Пяскоў, на нарадзе ў Пуціна абмяркуюць «спробы Захаду выкарыстоўваць падзеі на Блізкім Усходзе для расколу расейскага грамадзтва».

Ад некалькіх соцень да паўтары тысячы чалавек увечары ў нядзелю, 29 кастрычніка, захапілі аэрапорт Махачкалы, прыйшоўшы туды з антысэміцкай акцыяй пратэсту перад прылётам рэйса з Тэль-Авіву. Прысутныя пратэставалі супраць дзеяньняў Ізраілю ў сэктары Газа і патрабавалі выгнаць габрэяў з рэгіёну.

Ізраільскія СМІ раніцай у панядзелак апублікавалі апавяданьні відавочцаў, якія ляцелі рэйсам авіякампаніі Red Wings з Тэль-Авіву ў Махачкалу. Партал Ynet прыводзіць апавяданьне 26-гадовага жыхара Ерусаліму па імені Шмуэль, які, паводле яго слоў, ляцеў у Дагестан, каб сустрэцца зь нявестай, якая там жыве. Ён расказвае, што на борце самалёта, акрамя яго, было 15 ізраільцянаў, у тым ліку дзеці. Большасьць зь іх ляцелі ў Маскву зь перасадкай у Махачкале.

Паводле яго слоў, паліцыя эвакуавала пасажыраў у аўтобус, які стаў езьдзіць па лётным полі, а за ім бег натоўп і кідаў у яго камяні. «У нейкі момант натоўпу ўдалося спыніць аўтобус. Яны зайшлі ўнутр, пайшлі ад чалавека да чалавека і пыталіся ў іх, мусульмане яны ці габрэі. Я сказаў, што я мусульманін, таму што мне было страшна. На шчасьце, яны мне паверылі і пайшлі далей».

Затым, паводле слоў відавочцы, пасажыраў на гэтым жа аўтобусе адвезьлі да VIP-залі аэрапорту, дзе зьмясьцілі пад ахову. Праз чатыры гадзіны на месца прыбыў верталёт расейскай арміі, на якім яго і іншых ізраільцянаў эвакуавалі на расейскую вайсковую базу, папярэдне разагнаўшы натоўп стрэламі ў паветра. Раніцай у панядзелак ахвотным прадоўжыць шлях прапанавалі вылецець у Маскву.

Прадстаўнікі расейскіх уладаў і пракрамлёўскія камэнтатары падмацоўваюць свае сьцьвярджэньні аб «умяшаньні звонку» ўказаньнем на тое, што адзін з тэлеграм-каналаў, у якіх зьмяшчаліся заклікі да антысэміцкіх акцыяў, «Утро Дагестана», нібыта зьвязаны са спэцслужбамі Ўкраіны. Былы дэпутат Дзярждумы Ільля Панамароў, які жыве ў Кіеве, прыхільнік узброенай барацьбы супраць Крамля, раней заяўляў, што меў дачыненьне да стварэньня гэтага каналу, аднак адмаўляе, што цяпер нейкім чынам зь ім зьвязаны.

Падставай для антысэміцкай акцыі стаў канфлікт на Блізкім Усходзе, які рэзка абвастрыўся пасьля нападу групоўкі ХАМАС на Ізраіль і пачатку апэрацыі Ізраілю ў сэктары Газа ў адказ. Значная частка пракрамлёўскіх камэнтатараў рэзка крытыкуе Ізраіль. З афіцыйных асобаў з найбольш рэзкай крытыкай выступае кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.

У шэрагу рэспублік Паўночнага Каўказу раней таксама прайшлі масавыя акцыі ў падтрымку Палестыны, на некаторых гучалі антысэміцкія лёзунгі. Афіцыйныя асобы ў падтрымку антысэміцкіх акцыяў не выказваліся. Муфтыі Паўночнага Каўказу асудзілі гэтыя акцыі.

Кіраўнік Фэдэрацыі габрэйскіх грамадаў Расеі Аляксандар Барада заклікаў улады знайсьці і пакараць арганізатараў і ўдзельнікаў нападу на аэрапорт у Махачкале. Яго заяву цытуе «Медуза». Барада таксама заклікаў расейскія ўлады «надаць вялікую ўвагу таму, як асьвятляюцца падзеі на Блізкім Усходзе», «каб людзі не прыходзілі да аднабаковых і радыкальных поглядаў».

«Медуза» са спасылкай на крыніцы ў Крамлі сьцьвярджае, што для адміністрацыі прэзыдэнта падзеі ў Дагестане сталі нечаканасьцю. Пры гэтым крыніцы «Медузы» не чакаюць сур’ёзных кадравых перастановак і якіх-небудзь палітычных наступстваў: «пра бунт вагнэраўцаў забыліся, забудуць і гэта».

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG