Песьня пад назвай Now And Then, зробленая на падмурку дэма-запісу Джона Ленана 1970-х гадоў, была завершаная ў мінулым годзе Полам Макартні і Рынга Старам, паведамляе ВВС.
Пол анансаваў песьню ў інтэрвію ВВС гэтым летам, сказаўшы, што для таго каб «выцягнуць» вакал Ленана са старой касэты, скарысталі тэхналёгію штучнага інтэлекту.
Прэм’ера трэку адбудзецца ў 14:00 па Грынвічы ў чацьвер, 2 лістапада.
Ён таксама ўвойдзе ў новыя рэмастэрынгаваныя вэрсіі альбомаў The Beatles Red and Blue, якія выйдуць 10 лістапада.
Зборнікі, якія ахопліваюць практычна ўсю карʼеру гурту, першапачаткова выйшлі ў 1973 годзе. Часопісам Rolling Stone назваў іх, «магчыма, самымі ўплывовымі альбомамі з найвялікшымі гітамі ў гісторыі».
Два зборнікі, якія складаюцца зь песень гурту за ўвесь час яго існаваньня, пачынаючы ад Love Me Do і заканчваючы The Long And Winding Road, ахопліваюць раньні пэрыяд (Red Album) і больш экспэрымэнтальны і экспансіўны позьні (Blue Album).
У прэс-рэлізе ўдзельнікі гурту заявілі, што выкананьне песьні было сюррэалістычным вопытам.
«Вось гэта голас Джона, крышталёва чысты, — сказаў Пол Макартні. — Гэта вельмі эмацыйна. І мы ўсе граем на ім, гэта сапраўдны запіс Beatles. У 2023 годзе працягваць працаваць над музыкай Beatles і зьбірацца выпусьціць новую песьню, пра якую публіка ня чула, — я думаю, што гэта цікава».
«Гэта было самае блізкае да таго, каб ён вярнуўся ў залю, таму для ўсіх нас гэта было вельмі эмацыйна, — дадаў Рынга Стар. — Ведаеце, быццам Джон быў там».
«Сьмецьцевы» запіс
«Now And Then» першапачаткова быў напісаны Джонам Ленанам пасьля распаду «Бітлз» у 1970 годзе і на працягу многіх гадоў распаўсюджваўся як бутлег.
Выбачальная песьня адрасавана старому сябру (ці каханцы). Ленан сьпявае: «Часам я сумую па табе / Час ад часу я хачу твайго вяртаньня».
Пасьля таго, як у сьнежні 1980 году Ленан быў сьмяротна паранены каля свайго дома ў Нью-Ёрку, яго ўдава Ёка Она перадала песьню Полу Макартні.
Песьня была на касэце з надпісам «For Paul», якая таксама ўтрымлівала раньнія вэрсіі Free As A Bird і Real Love — якія астатнія Бітлз адшліфавалі і выпусьцілі ў якасьці сынглаў у 1995 і 1996 гадах у рамках свайго праекту Anthology.
Гурт таксама спрабаваў запісаць Now And Then, але сэсію хутка спынілі — гітарыст Джордж Гарысан сказаў, што якасьць запісу Ленана «дрэнная».
З тых часоў Пол Макартні хацеў завяршыць песьню — і прагрэс у аўдыётэхналёгіях нарэшце зрабіў гэта магчымым.
Гісторыя пачалася з выхаду дакумэнтальнага фільму The Beatles Get Back у 2021 годзе. Рэжысэр Пітэр Джэксан і яго каманда распрацавалі новае праграмнае забесьпячэньне, якое дазволіла ім «дэміксаваць» моназапісы 1970-х гадоў, каб ізаляваць асобныя інструмэнты і вакал.
Гэтую ж тэхналёгію скарысталі ў мінулым годзе, каб стварыць новы мікс альбому гурту Revolver. Прадусар Джайлз Марцін расказаў BBC, што праграмнае забесьпячэньне выкарыстоўвае элемэнты штучнага інтэлекту і машыннага навучаньня для падзелу гукаў, запісаных сынхронна.
«Праграма павінна даведацца, як гучыць, напрыклад, гітара Джона Ленана, і чым больш інфармацыі вы ёй дасьцё, тым лепшай яна робіцца», — сказаў ён.
Цяпер гэты працэс быў ужыты да арыгінальнай стужкі Now And Then. Выдалілі шыпеньне стужкі і шум электрычнай сеткі, і пры гэтым выкананьне Ленана захавалася.
Макартні і Стар узяліся за завяршэньне песьні ў мінулым годзе, дадаўшы новы вакал, барабаны, бас, гітару і фартэпіяна, а таксама партыі электрычнай і акустычнай гітары, запісаныя Гарысанам у 1995 годзе, перад сьмерцю.
Джайлз Марцін, сын легендарнага прадусара Beatles Джорджа Марціна, таксама дадаў бэк-вакал з арыгінальных запісаў Here, There And Everywhere, Eleanor Rigby і Since, ствараючы дадатковы пласт настальгіі.
Рэлізу Now And Then будзе папярэднічаць дакумэнтальны фільм пра стварэньне песьні, прэмʼера якога адбудзецца ў сераду, 1 лістапада.
На дадатак да ўсяго гэтага BBC анансавала новы падкаст з шасьці частак пра гісторыю гурту.
Першыя пяць частак выйшлі ў чацьвер, у тым ліку нядаўна адноўленае інтэрвію з 1964 году, якое з тых часоў не гучала.
Фінальная частка выйдзе 2 лістапада разам з запісам і будзе ўключаць у сябе эксклюзіўныя інтэрвію з Полам Макартні і Рынга Старам — двума жывымі ўдзельнікамі гурту — пра новы матэрыял.