Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаванай у Расеі журналістцы Радыё Свабода Алсу Курмашавай прад’явілі абвінавачаньне


Алсу Курмашава на судзе, Казань, 20 кастрычніка 2023.
Алсу Курмашава на судзе, Казань, 20 кастрычніка 2023.

Сьледчы камітэт Расеі 26 кастрычніка прадʼявіў абвінавачаньне журналістцы Татара-башкірскай службы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Алсу Курмашавай па крымінальным артыкуле аб невыкананьні абавязку зарэгістравацца так званым замежным агентам.

Раней яе арыштавалі на час сьледзтва да пачатку сьнежня.

Курмашаву абвінавачваюць па трэцяй частцы артыкула 330.1 Крымінальнага кодэксу РФ. У ёй гаворыцца пра рэгістрацыю іншаагентаў, што зьдзяйсьняюць «мэтанакіраваны збор зьвестак у галіне вайсковай, вайскова-тэхнічнай дзейнасьці Расеі», якія пры іх атрыманьні замежнымі крыніцамі «могуць быць выкарыстаныя супраць бясьпекі краіны», перадае Идель.Реалии.

Сьледзтва лічыць, што журналістка павінна была сама падаць дакумэнты для ўключэньня яе ў рэестар іншаагентаў. Міністэрства юстыцыі Расеі яе ў сьпіс не дадало. Гэта першая крымінальная справа па гэтым артыкуле ў Расеі, якую распачалі супраць журналіста. Курмашава віны не прызнае.

Курмашава — грамадзянка ЗША і Расеі, жыве ў Празе са сваім мужам і двума дзецьмі. У Расею яна прыехала ў траўні па тэрміновых сямейных справах. Спачатку яе затрымалі пры спробе вылецець з краіны і аштрафавалі за невыкананьне патрабаваньня аб рэгістрацыі амэрыканскага грамадзянства ў расейскіх органах улады. 18 кастрычніка было абвешчана пра новае абвінавачаньне супраць яе.

Затрыманьне і арышт журналісткі пракамэнтавалі і асудзілі прадстаўнікі амэрыканскіх уладаў, Эўразьвяз, няўрадавыя арганізацыі. Прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер на прэс-канфэрэнцыі заявіў, камэнтуючы справу, што для Вашынгтону «няма больш важнага прыярытэту, чым бясьпека грамадзянаў ЗША за межамі краіны».

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта мэдыякарпарацыі РСЭ/РС Джэфры Гедмін у панядзелак заявіў, што глыбока расчараваны рашэньнем суду аб арышце журналісткі. «Мы заклікаем неадкладна вызваліць Алсу, каб яна магла вярнуцца да сваёй сямʼі», — сказаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG