Лінкі ўнівэрсальнага доступу

EPAM вырашыў звольніць частку каманды ў Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Лягатып EPAM на офісе кампаніі ў Менску, сьнежань 2017 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Лягатып EPAM на офісе кампаніі ў Менску, сьнежань 2017 году

ІТ-кампанія зь беларускімі каранямі EPAM прыняла рашэньне скараціць каля 2% штату ў Беларусі, паведамляе Dev.by са спасылкай на супрацоўнікаў кампаніі. У EPAM выданьню пацьвердзілі звальненьні, але не агучылі лічбу.

Камандзе паведамілі пра скарачэньні на онлайн-мітынгу 25 кастрычніка, піша выданьне. Усім, хто трапіў пад скарачэньне, абяцалі даслаць паведамляльны ліст на працягу працоўнага дня. У EPAM выданьню dev.by пацьвердзілі заплянаваныя звальненьні:

«Скарачэньне каманды ў Беларусі — гэта цяжкае, але неабходнае і адказнае рашэньне. Яно стала аб’ектыўным адлюстраваньнем эканамічнай сытуацыі на глябальным рынку кліентаў за апошнія 12–18 месяцаў. Супрацоўнікі, якіх гэтае рашэньне закранула, атрымаюць усе прадугледжаныя заканадаўствам выходныя дапамогі і падтрымку кампаніі», — сказалі ў EPAM.

Паводле крыніц выданьня, кампанія патлумачыла, што вымушаная пайсьці на скарачэньні, каб аптымізаваць выдаткі. Ва ўмовах складанай геапалітычнай абстаноўкі, эканамічнага крызісу і скарачэньня бюджэтаў заказчыкамі EPAM ня можа забясьпечыць працай усіх супрацоўнікаў.

Дакладная колькасьць тых, каго звольняць, не вядомая. Паводле адной з крыніц Dev.by, «калі 2%, то скарачэньне закране ня менш за 100 чалавек». Крыніца «Еўрарадыё», якая таксама кажа пра звальненьні ў кампаніі, сьцьвярджае, што «ёсьць інсайдэрскія зьвесткі, што 2% — лічба заніжаная. Звальняюць каля 200 чалавек. Прычына — „няма працы“».

Паводле інфармацыі dev.by, у беларускім EPAM на канец 2022 году працавалі больш за 6 тысяч чалавек, зь іх вытворчых адмыслоўцаў — больш за 4,5 тысячы. Паводле колькасьці супрацоўнікаў беларускі офіс (самы буйны да 2022 году) ужо прайграе ўкраінскаму, польскаму і індыйскаму.

Да 2022 году ў Беларусі ў EPAM быў самы буйны офіс — там працавала больш за 10 тысяч спэцыялістаў. Толькі за 2022 год беларуская каманда EPAM скарацілася амаль удвая. У многім гэта зьвязана з рэлякацыяй супрацоўнікаў з прычыны вайны Расеі з Украінай і наступствамі санкцый у дачыненьні да Беларусі. Пры гэтым заснавальнік EPAM Аркадзь Добкін неаднаразова адзначаў, што кампанія не плянуе закрываць бізнэс і сыходзіць зь Беларусі.

Працягваюць скарачацца і актывы EPAM у Беларусі. На канец чэрвеня 2023 году кошт актываў складаў 53,5 мільёна даляраў. За паўгода кошт зьнізіўся амаль на 4 мільёны даляраў, а за апошнія паўтара года — больш як на 20 мільёнаў даляраў. У 2020–2021 гадах сума ўсіх актываў EPAM у Беларусі вагалася ў межах 75–78 мільёнаў даляраў.

  • З 2020 году зь Беларусі пачаўся масавы адток спэцыялістаў ІТ-галіны. Шмат кампаній цалкам згарнулі свой бізнэс у краіне і пераехалі за мяжу. Хваляў ІТ-эміграцыі было дзьве: пасьля жніўня 2020 году і пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022-га.
  • За мінулы 2022 год з IT-кампаній звольнілася больш за 29,5 тысячы спэцыялістаў — гэта на 74% больш, чым у 2021 годзе. Пра масавую рэлякацыю супрацоўнікаў гавораць крыніцы ў буйных беларускіх ІТ-офісах: Wargaming (у сувязі з поўным закрыцьцём кампаніі ў Беларусі), EPAM, Exadel, iTechArt, Itransition, Playtika ды іншых. Пра адток спэцыялістаў з ІТ-сэктару Беларусі сьведчыць статыстыка найманьняў і звальненьняў.
  • З пачатку 2023 году ІТ-сэктар Беларусі страчвае менш за 1000 чалавек у месяц, але сумарна за першы квартал адток спэцыялістаў аказаўся ў 5-6 разоў вышэйшы, чым за такі ж пэрыяд мінулага году, сьведчаць ацэнкі Dev.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG