Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доля IT-сэктару ў эканоміцы Беларусі зьнізілася да 4,7%


Доля IT-сэктару ў ВУП Беларусі за 2022 год зьнізілася да 4,7% з 5,7% годам раней, паведамляе Office Life са спасылкай на зборнік Белстату «Інфармацыйнае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».

Раней Эўразійскі банк разьвіцьця адзначаў, што стрымліваючы ўплыў на рост эканомікі Беларусі працягвае аказваць слабая дынаміка ў будаўніцтве, транспарце і IT-сэктары.

За мінулы год чысты адток спэцыялістаў з кампаній сэктару «Інфармацыя і сувязь» у Беларусі склаў каля 17 тысяч чалавек.

На думку аналітыкаў, «ІТ-галіна цяпер у ліку найбольш пацярпелых ад наступстваў 2020 году і ўзмацненьня санкцыйнага ціску 2022 году».

З 2020 году зь Беларусі пачаўся масавы адток спэцыялістаў ІТ-галіны. Шмат кампаній цалкам згарнулі свой бізнэс у краіне і пераехалі за мяжу. Хваляў ІТ-эміграцыі было дзьве: пасьля жніўня 2020 году і пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022-га.

За мінулы год з IT-кампаній звольнілася больш за 29,5 тысячы спэцыялістаў — гэта на 74% больш, чым у 2021 годзе. Пра масавую рэлякацыю супрацоўнікаў гавораць крыніцы ў буйных беларускіх ІТ-офісах: Wargaming (у сувязі з поўным закрыцьцём кампаніі ў Беларусі), EPAM, Exadel, iTechArt, Itransition, Playtika ды іншых. Пра адток спэцыялістаў з ІТ-сэктару Беларусі сьведчыць статыстыка найманьняў і звальненьняў.

З пачатку 2023 году ІТ-сэктар Беларусі страчвае менш за 1000 чалавек у месяц, але сумарна за першы квартал адток спэцыялістаў выявіўся ў 5-6 разоў вышэйшы, чым за такі ж пэрыяд мінулага году, сьведчаць ацэнкі Devby.io.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG