Байдэн запрасіў у Кангрэсу 106 млрд даляраў для Ўкраіны, Ізраіля і нацыянальнай бясьпекі ЗША

Джо Байдэн.
Джо Байдэн.

Просьба прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна аб выдзяленьні сродкаў паступіла празь некалькі дзён пасьля таго, як ён наведаў Ізраіль і заявіў аб сваёй салідарнасьці пасьля нападу баевікоў ХАМАС. Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».

Белы дом спадзяецца, што аб’яднаньне фінансаваньня Ізраілю і Ўкраіны з аховай межаў, дапамогай уцекачам, мерамі па супрацьдзеяньні Кітаю і іншымі прыярытэтамі, якія абмяркоўваюцца, дапаможа займець падтрымку ў Палаце прадстаўнікоў, якая ўжо больш за два тыдні застаецца бязь лідэра.

Каля 14,3 млрд даляраў са сродкаў, выдзеленых на 2024 фінансавы год, будуць накіраваныя Ізраілю, пераважна на падтрымку сыстэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны і іншыя закупкі ўзбраеньняў. Байдэн таксама хоча выдзеліць больш за 9 млрд даляраў на гуманітарную дапамогу, у тым ліку Ізраілю і сэктару Газа, дзе насельніцтва зазнае гуманітарны крызіс.

Прапанова таксама ўключае 13 млрд 600 млн даляраў на забесьпячэньне бясьпекі межаў ЗША для барацьбы зь вялікай колькасьцю імігрантаў з краін Лацінскай Амэрыкі і Карыбскага басэйну на паўднёвай мяжы, а таксама для барацьбы з гандлем фэнтанілам, і 4 млрд даляраў на вайсковую дапамогу і дзяржаўнае фінансаваньне, пакліканыя супрацьстаяць рэгіянальным намаганьням Кітаю ў Азіі.

Аднак найбольшая доля фінансаваньня — 61,4 млрд даляраў — пойдзе на дапамогу Ўкраіне. Запыт уключае мільярды на папаўненьне вайсковай тэхнікі краіны, аказаньне дапамогі ў галіне эканомікі і бясьпекі, падтрымку бежанцаў у ЗША.

У заяве Белага дому адзначаецца, што фінансаваньне забясьпечыць «крытычна важную падрыхтоўку, абсталяваньне і ўзбраеньне, неабходныя для таго, каб дапамагчы Ўкраіне абараніць і вярнуць сваю сувэрэнную тэрыторыю і засьцерагчы ўкраінскі народ ад расейскай агрэсіі».

«Пуцін робіць стаўку на тое, што Злучаныя Штаты адмовяцца ад абароны свайго дэмакратычнага партнэра — Украіны — і адхіляцца ад кааліцыі краін, створанай за апошнія 18 месяцаў, — адзначыў на брыфінгу для журналістаў дарадца па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван. — Джо Байдэн і амэрыканскі народ маюць намер даказаць, што Ўладзімір Пуцін памыляецца, і мы просім Кангрэс нас у гэтым падтрымаць».

​
XS
SM
MD
LG