Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці выкладала беларускую мову». Высокапастаўлены расейскі вайсковец, забіты ў Карабаху, аказаўся беларусам


Іван Коўган, каляж
Іван Коўган, каляж

Іван Коўган нарадзіўся ў Капыльскім раёне. Штогод імкнуўся прыяжджаць на радзіму. У Беларусі яго і пахавалі.

20 верасьня ля вёскі Джанятаг (арм. Чанкатаг) у Нагорным Карабаху абстралялі аўтамабіль з расейскімі міратворцамі. Усе пяцёра вайскоўцаў, што ў ім былі, загінулі.

На наступны дзень прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў у тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным прынёс спачуваньні і выбачэньні за сьмерць расейскіх вайскоўцаў. Аліеў паабяцаў, што Азэрбайджан правядзе расьсьледаваньне гэтага інцыдэнту, а вінаватыя панясуць пакараньне.

«Чулі пра сьмерць Ванечкі»

Сярод тых расейскіх вайскоўцаў, хто загінуў у Карабаху, быў намесьнік камандуючага міратворчым кантынгентам, капітан першага рангу Іван Коўган. Ён родам зь Беларусі.

Іван Коўган нарадзіўся 23 верасьня 1972 году ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёну. Вёска вядомая тым, што тут нарадзіўся і пісьменьнік Алесь Адамовіч.

Свабода датэлефанавалася ў Канюхі. «Канечне, чулі пра сьмерць Ванечкі. Вельмі добры хлопец быў. Спрабаваў штогод прыяжджаць да бацькоў у адпачынак», — расказалі пра яго аднавяскоўцы.

Пасьля школы Іван Коўган паехаў вучыцца ў Талін у мясцовае вайсковае вучылішча. Потым скончыў факультэт кіраўнічага складу Вайсковага ўнівэрсытэту Міністэрства абароны Расеі.

Іван Коўган служыў афіцэрам на Паўночным флёце Расеі. Даслужыўся да намесьніка камандуючага падводнымі сіламі Паўночнага флёту па вайскова-палітычнай працы.

Пражываў у горадзе Гаджыева ў Мурманскай вобласьці Расеі, дзе знаходзіцца вайскова-марская база Паўночнага флёту Расеі. Ад ліпеня 2023 году служыў у расейскіх міратворчых сілах у Нагорным Карабаху.

Бацькі былі настаўнікамі

Разьвітаньне з вайскоўцам спачатку прайшло ў Доме афіцэраў флёту ў Гаджыеве 29 верасьня. Назаўтра цела даставілі ў Беларусь. Пахавалі Івана Коўгана на могілках у Канюхах. Сярод тых, хто прыехаў разьвітацца з Іванам Коўганам, быў контр-адмірал, намесьнік камандуючага Паўночнага флёту па вайскова-палітычнай працы Ігар Курачкін.

У Канюхах жывуць бацькі Івана Коўгана. Як расказалі нам жыхары Канюхоў, яны працавалі настаўнікамі ў мясцовай школе-інтэрнаце. Бацька Васіль Іванавіч быў дырэктарам школы, а маці — Любоў Васільеўна — настаўніцай беларускай мовы. Яны атрымалі кватэру ў дамках, якія будаваліся адмыслова для школьных настаўнікаў. Там жывуць і сёньня.

Свабода датэлефанавалася да маці Івана Коўгана, але яна адмовіліся расказваць пра сына, бо кепска сябе адчувае і «яшчэ не адышла ад трагедыі».

«Мы вучылі Ваню любіць Радзіму, як трэба цаніць і паважаць людзей, вучылі заўсёды быць побач з бацькамі. Мы вучылі абараняць Радзіму, калі яна мае ў гэтым патрэбу. Аднаму не навучылі — захаваць сваё жыцьцё...» — цытуе маці сайт «Морполит».

У Івана Коўгана засталіся жонка і дачка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG