Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі суд ліквідаваў пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё»


Служба ў пратэстанцкай царкве Новае жыцьцё. Архіўнае фота
Служба ў пратэстанцкай царкве Новае жыцьцё. Архіўнае фота

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пастар царквы «Новае жыцьцё» асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў. Будынак царквы разбурылі яшчэ летам 2023-га.

Менскі гарадзкі суд 17 кастрычніка ліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага эвангельля «Новае жыцьцё», паведамляе тэлеграм-канал ініцыятывы «Хрысціянская візія».

Рашэньне па пазове, які 15 верасьня падаў Менгарвыканкам, прыняла судзьдзя Тацяна Дарашчонак.

У пазове, паводле інфармацыі ініцыятывы, сьцьвярджалася, што царква яшчэ ў 2004 годзе не прайшла перарэгістрацыю ў адпаведнасьці з законам «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» ад 2002 году, а таксама ажыцьцяўляла дзейнасьць, якая выходзіць за рамкі яе статута.

Неабходнасьць ліквідаваць царкву таксама аргумэнтавалася тым, што асобныя інфармацыйныя рэсурсы «Новага жыцьця» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка настойвае, што названыя прычыны недастаткова важкія для ліквідацыі грамады. Па ягоных словах, калі ў 2004 годзе царква падала заяўку на перарэгістрацыю, улады яе адхілілі.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка, які служыў у гэтай царкве больш за 30 гадоў, запісаў відэазварот, у якім пракамэнтаваў рашэньне суда.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што рашэньня ўступіць у сілу толькі праз пятнаццаць дзён, а калі грамада будзе працягваць абскарджваць яго ў вышэйстаячыя інстанцыі, увесь працэс ліквідацыі можа заняць некалькі месяцаў. Таму ён заклікаў сябраў сваёй царквы «не сумаваць», працягваць зьбірацца і маліцца разам.


Царква «Новае жыцьцё» была заснаваная ў 1992 годзе. Улады перасьледавалі яе з пачатку 2000-х.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў.
У лютым 2021-га царкву прымусова выселілі з культавага будынку, у які вернікі пераабсталявалі былы кароўнік. Людзі маліліся на вуліцы і ў онлайн-фармаце.
У верасьні 2022 году пастара затрымалі і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3,2 тыс. рублёў).

20 чэрвеня 2023-га стала вядома пра знос будынку царквы. На гэтым месцы нібыта плянуецца пабудаваць школу. Пасьля здарэньня Ганчарэнка накіраваў зварот да ўладаў, у якім назваў знос будынку «фатальнай памылкай», пасьля якой «непазьбежна будуць наступствы».

14 жніўня Ганчарэнку і яго зяця Ільлю Будая затрымалі і арыштавалі паводле адміністрацыйных абвінавачаньняў адпаведна на 10 і 5 сутак. Паведамлялася, што ў дом пастара «ўварваліся 20 аўтаматчыкаў» з ГУБАЗіК МУС. Быў праведзены ператрус.

Пастара арыштавалі на падставе арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў), яе сваяка — па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

23 жніўня гэтага году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў кантэнт мэдыярэсурсаў царквы «Новае Жыцьцё» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Рашэньне прынятае па заяве гарадзкой пракуратуры. Гаворка ідзе пра публікацыі на старонцы царквы ў Інстаграме, а таксама пра датаванае 21 лістапада 2020 году відэа ў Ютубе «Пазыцыя хрысьціян Царквы „Новае Жыцьцё“».

31 жніўня суд Маладачанскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» зьнятае ў 2020 годзе відэа «Пастар Вячаслаў Ганчарэнка асуджае гвалт і заклікае ўладу пакаяцца!». У сьпіс таксама ўключана група «ЎКантакце» «Церковь „Новая Жизнь“. Минск».

Дзейнасьць незарэгістраваных або ліквідаваных рэлігійных грамадаў можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасьць па артыкуле 1931 Крымінальнага кодэксу і пакараньне ў выглядзе штрафу або пазбаўленьня волі на тэрмін да двух гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG