У рэзалюцыі, якую прапанавала Масква, няма згадкі радыкальнага ісламісцкага руху ХАМАС, які ўчыніў напад на Ізраіль 7 кастрычніка.
Толькі чатыры краіны прагаласавалі разам з Расеяй за прапанаваны тэкст. Яшчэ чацьвёра, у тым ліку ЗША, прагаласавалі супраць, а шасьцёра ўстрымаліся, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Пастаянны прадстаўнік Ізраілю пры ААН Гілад Эрдан заявіў, што Рада Бясьпекі, якая не прымала рэзалюцый аб сытуацыі ў Ізраілі і на палестынскіх тэрыторыях з 2016 году, знаходзіцца на «адным з самых важных раздарожжаў» з моманту свайго заснаваньня пасьля Другой сусьветнай вайны.
«Ці падтрымае Рада барацьбу за цывілізацыю? Ці яна будзе стымуляваць генацыд джыхадыстаў, якія імкнуцца забіць усіх няверных? Для органа, які займаецца пытаньнямі бясьпекі, гэта нават не павінна быць пытаньнем. Першы крок, які павінен зрабіць гэтая рада, перш чым заклікаць да дапамогі, спакою ці стрыманасьці, — абвясьціць ХАМАС крывавай тэрарыстычнай арганізацыяй, якой ён і зьяўляецца».
Пастаянны прадстаўнік Палестынскай аўтаноміі пры ААН Рыяд Мансур заявіў, што ў Рады Бясьпекі ёсьць маральны абавязак дзейнічаць у спробе стрымаць ізраільскі напад на сэктар Газа, які, паводле яго, «забірае 12 жыцьцяў кожную гадзіну». Ён назваў дзеяньні Ізраілю «паўнавартасным наступам на палестынскі народ», а не наземнай апэрацыяй, як заяўляюць у Тэль-Авіве.
Размова Нэтаньягу з Пуціным
Канцылярыя кіраўніка ўраду Ізраілю 17 кастрычніка распаўсюдзіла паведамленьне пра яго перамовы з прэзыдэнтам Расеі:
«Увечары 16 кастрычніка адбылася тэлефонная размова прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Прэм’ер-міністар растлумачыў, што Ізраіль, зазнаўшы нападу гнюсных і жорсткіх забойцаў, уступіў у вайну, поўны рашучасьці і яднаньня, і ня спыніцца, пакуль ня зьнішчыць ваенны і адміністрацыйны патэнцыял ХАМАСу».
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
- Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.
Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.