Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) паведаміла, што ў ноч на нядзелю, 15 кастрычніка, у выніку авіяўдару па сэктары Газа забіты адзін з камандзіраў радыкальнай групоўкі ХАМАС Білаль Аль-Кедра.
ЦАХАЛ называе яго адказным за напад на кібуц Нірым на поўдні Ізраілю. Паблізу праходзіў музычны фэстываль, на ўдзельнікаў якога 7 кастрычніка палестынскія баевікі ўчынілі напад, у выніку чаго загінулі больш за 260 чалавек.
Акрамя Аль-Кедры забітыя і іншыя джыхадысты ХАМАС і групоўкі «Ісламскі джыхад», паведамілі ў ЦАХАЛ.
У паведамленьні ЦАХАЛ таксама гаворыцца, што ўвечары ў суботу і ў ноч на нядзелю ізраільскае войска атакавала больш за 100 вайсковых аб’ектаў у сэктары Газа — у прыватнасьці ў Зайтуне, Хан-Юнісе і заходняй Джабаліі. Таксама нанесены ўдары па камандных пунктах «Ісламскага джыхаду».
Групоўкі ХАМАС і «Ісламскі джыхад», прызнаныя тэрарыстычнымі многімі краінамі сьвету. ХАМАС напаў з боку сэктару Газа на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. У адказ Ізраіль пачаў апэрацыю «Жалезныя мячы», пачаў атакаваць Газу і заявіў пра неабходнасьць поўнага зьнішчэньня ХАМАС.