Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Палітоляг Касьцюгова ў калёніі мыла посуд, цяпер працуе на швейнай вытворчасьці


Валерыя Касьцюгова, архіўнае фота
Валерыя Касьцюгова, архіўнае фота

У гомельскую жаночую калёнію № 4 Валерыю Касьцюгову зьмясьцілі ў жніўні, пасьля больш як двух гадоў утрыманьня ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Менскі гарадзкі суд прызначыў Касьцюговай пакараньне ў 10 гадоў зьняволеньня, Вярхоўны суд пакінуў вырак у сіле.

«У кастрычніку ў яе ня будзе тэлефанаваньня і кароткага спатканьня, але настрой збольшага бадзёры», — паведаміў пра Валерыю Касьцюгову яе сябра і калега, палітоляг Вадзім Мажэйка.

Паводле крыніцы, на якую спасылаецца Вадзім Мажэйка, абмежаваньні ўвялі таму, што Валерыя Касьцюгова ўнесеная ў сьпіс тэрарыстаў.

«Была шчасьлівая, што пабачыла зоркі і месяц, рада флёры і фаўне, асабліва вялікай колькасьці катоў», — так, паводле Мажэйкі, палітзьняволеная расказвала сваякам пра першыя ўражаньні ад калёніі.

Вадзіму Мажэйку вядома, што пакуль Валерыя была ў карантыне, ёй даводзілася мыць посуд, цяпер жа яна працуе на швейнай вытворчасьці.

«Казала, што вучыцца шыць і потым на волі будзе шыць дачцэ „прыгожыя рэчы“. Успамінала сваю маці, якая ўмела добра шыць. На тое, што працаваць цяжка, ня скардзілася. Валерыя ўвогуле ня з тых, хто будзе скардзіцца», — расказаў сябра Валерыі Касьцюговай.

Сябры ўспамінаюць цытату зь ліста, які ў зьняволеньні адправіла Валерыя Касьцюгова сваёй дачцэ Анастасіі: «Аптымізм — гэта не пра тое, што ўсё будзе добра, а пра тое, што, як бы ні было, мы гэтаму дамо рады».

Вадзім Мажэйка нагадаў, што Валерыя Касьцюгова была рэдактарам і аўтарам «Беларускага штогодніка» — зборніка аналітычных артыкулаў аб праблемах разьвіцьця Беларусі.

«Яна 20 гадоў рэдагавала штогоднік, але, як трапіла за краты, праект не спыніўся. Нядаўна на Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі, які прайшоў у Гданьску, мы прэзэнтавалі выпуск штогодніка за 2023 год. Справа, якой займалася Валерыя, працягваецца і чакае яе на волі», — сказаў палітоляг Вадзім Мажэйка, цяперашні рэдактар зборніка.

Вадзім Мажэйка падчас прэзэнтацыі «Беларускага штогодніка», які раней рэдагавала палітзьняволеная Валерыя Касьцюгова. Гданськ, 23 верасьня 2023
Вадзім Мажэйка падчас прэзэнтацыі «Беларускага штогодніка», які раней рэдагавала палітзьняволеная Валерыя Касьцюгова. Гданськ, 23 верасьня 2023

Валерыю Касьцюгову асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня ў сакавіку 2023 году. Судзьдзя менскага гарадзкога суду Дзіна Кучук прызнала Валерыю Касьцюгову вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у пасобніцтве дзеяньням з мэтай захопу ўлады (арт. 357, ч. 1 КК), у закліку да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы (арт. 362, ч. 3) і ў распальваньні сацыяльнай варожасьці і звады (арт. 130, ч. 3).

Беларускія праваабаронцы прызналі палітоляга Валерыю Касьцюгову палітычнай зьняволенай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG