Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Насту Лойку КДБ унёс у «сьпіс тэрарыстаў». ХАМАС там няма


Палітзьняволеная Наста Лойка. архіўнае фота
Палітзьняволеная Наста Лойка. архіўнае фота

Да падзей 2020 году ў сьпісе тэрарыстаў беларускіх грамадзян не было.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абнавіў сьпіс «арганізацый і асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», там зьявіліся прозьвішчы яшчэ сямі чалавек.

Сярод іх псыхоляг Андрэй Рускіх, спэцыяліст ІТ-сфэры Аляксандар Леановіч, Сяргей Рудзянкоў, праваабаронца Наста Лойка, кандыдатка геаграфічных навук Ганна Скрыган, Аляксей Кавалёў, музыка Аляксей Кузьмін).

Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1120 чалавек, зь іх 368 — беларусы, а таксама каля 400 арганізацый, пераважна замежных і некалькі беларускіх: «Атрады грамадзянскай самаабароны», «Супраціў», Nexta, ByPol. Групоўкі ХАМАС, якая ўчыніла напад на Ізраіль з сэктару Газа, у гэтым сьпісе няма.

Хто трапляе ў «сьпіс тэрарыстаў»

Да падзей 2020 году ў сьпісе тэрарыстаў былі толькі замежныя грамадзяне з Малі, Ірану, Інданэзіі, Афганістану, Уганды, іншых краін Афрыкі, а таксама грамадзяне Расеі і Грузіі. Першымі «айчыннымі тэрарыстамі» ў сьпісе сталі ў лістападзе 2020 году заснавальнік Nexta Сьцяпан Пуціла і блогер Раман Пратасевіч.

Увесну 2021-га КДБ прызначыў «тэрарыстамі» дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую, блогера Антона Матольку, прадстаўнікоў ініцыятывы ByPol, анархістаў і журналістаў. Прычым часам зроблена гэта было яшчэ да вочных і завочных судоў над імі. «Тэрарыстамі» сталі «рэйкавыя партызаны», прадстаўнікі розных пратэставых рухаў і ініцыятыў.

Да «тэрарыстаў» прымяняюцца фінансавыя абмежаваньні — забарона на дзяржаўную рэгістрацыю маёмасьці, апэрацыі па банкаўскіх рахунках, натарыяльныя дзеяньні, якія адносяцца да фінансавых апэрацый і іншае.

Трапіць у сьпіс можна як на падставе прысуду, так і па рашэньні старшыні КДБ ці яго намесьнікаў. Туды могуць уключыць паводле дзясяткаў артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Такіх, як «акт тэрарызму», «удзел у масавых беспарадках», «распальваньне варожасьці» і нават паводле адносна новага беларускага артыкулу «Адмаўленьне генацыду беларускага народу».

Пакуль праваабаронцам і журналістам невядомыя выпадкі, каб чалавека выключылі са сьпісу «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG