Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што польскія дыпляматы хочуць наладзіць адносіны зь Беларусьсю


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Беларусы не жадаюць, каб палякі лічылі іх чужымі людзьмі ці ворагамі, заявіў Аляксандар Лукашэнка, наведваючы вайсковыя аб'екты ў Берасьцейскай вобласьці, перадае БЕЛТА.

«Мы не жадаем, каб палякі лічылі нас чужымі людзьмі, ворагамі. Мы ніколі ня ставілі сваёй мэтай нават не ваяваць — абвастраць з палякамі адносіны. Нам гэта не патрэбна. Жадаю, каб палякі ня думалі, што тут жывуць іх ворагі. Мы былі добрымі для іх суседзямі і будзем», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

У кантэксьце блізкіх польскіх выбараў і ўплыву іх вынікаў на адносіны з Масквой і Менскам Лукашэнка сказаў:

«Не хачу ўмешвацца ў іх выбары, але хачу, каб палякі ня думалі, што тут жывуць іхныя ворагі. Мы былі добрымі для іх суседзямі і будзем».

«Надзея заўсёды ёсьць. Гэтыя зразумела, як сябе паводзяць і будуць паводзіць, а як будуць паводзіць тыя — надзея нейкая ёсьць, што яны ўсё ж такі галаву ў рукі возьмуць і будуць працаваць на тое, каб наладзіць адносіны. Дарэчы, такой пазыцыі прытрымліваюцца і дыпляматы Польшчы, і ў тым ліку якія працуюць у нас. Яны, трэба аддаць ім належнае, малайцы, разумеюць, што адбываецца. Але таксама — рукі апусьцілі, чакаюць выбараў і кажуць: „Калі новыя сілы прыйдуць да ўлады, то ёсьць надзея, што будзе нейкая перазагрузка“. На гэта можна спадзявацца. Але вы ж бачыце: мы ні на што не спадзяёмся, мы па максымуме рыхтуемся да горшага варыянта. Рыхтуйся да горшага, будзе лепшае — добра», — сказаў беларускі палітык.

Пры гэтым ён не назваў імёнаў польскіх дыпляматаў з такой пазыцыяй.

Раней міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі выступіў з заявай наконт тэрмінаў адкрыцьця памежнага пераходу «Баброўнікі» на мяжы зь Беларусьсю.

Паводле яго слоў, гэта адбудзецца ў выпадку вызваленьня з турмы журналіста, прадстаўніка польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута.

Міністар дадаў, што «беларускаму боку высланы выразны сыгнал» у гэтым пытаньні.

Абвастрэньне адносін паміж Польшчай і Беларусьсю

Пасьля абвяшчэньня 8 лютага прысуду актывісту польскай меншасьці журналісту Анджэю Пачобуту пачалося абвастрэньне адносінаў паміж краінамі. Польшча прыпыніла працу пункту пропуску «Баброўнікі» з 10 лютага. Апрача таго, Польшча з 21 лютага абмежавала рух беларускіх грузавых аўтамабіляў праз памежны пераход Кукурыкі — Казловічы.

Менск у адказ выслаў зь Беларусі афіцэра сувязі польскай памежнай аховы і двух супрацоўнікаў польскага консульства ў Горадні. Польшча выслала беларускага аташэ ў пытаньнях абароны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG