Управа Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў сераду апублікавала чарговы даклад, прысьвечаны ваенным злачынствам і парушэньням правоў падчас вайны. У ім прыводзяцца зьвесткі, сабраныя міжнароднай камісіяй з 1 лютага да 31 ліпеня гэтага году. Задакумэнтаваныя факты злачынстваў з боку як расейскіх, гэтак і ўкраінскіх вайскоўцаў.
З 56 украінскіх ваеннапалонных, зь якімі гаварыла камісія, 51 расказаў пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў расейскім палоне. З 26 расейскіх палонных такія скаргі прадʼявілі 12 чалавек. За пэрыяд дасьледаваньня зафіксаваныя шэсьць забойстваў украінскіх палонных і ніводнага забойства расейцаў у палоне ў УСУ. У цэлым, паводле зьвестак ААН, з пачатку вайны 24 лютага 2022 году ў палоне былі забітыя або памерлі ад катаваньняў 25 расейскіх ваеннапалонных і 21 украінскі.
Камісія фіксавала таксама злачынствы супраць цывільнага насельніцтва. З 1 лютага па 31 ліпеня ўстаноўлена гібель 1028 мірных жыхароў, зь іх 47 дзяцей. 3593 атрымалі раненьні, дзяцей сярод іх 202. Рэальныя лічбы могуць быць нашмат вышэйшымі, падкрэсьліваецца ў дакладзе. 64% гэтых выпадкаў адбываюцца на прыфрантавых тэрыторыях — у Запароскай, Херсонскай, Харкаўскай і Данецкай абласьцях.
З пачатку вайны камісія ўстанавіла каля тысячы выпадкаў гвалтоўнага затрыманьня мірных жыхароў Украіны, у тым ліку выкраданьняў. 80 украінцаў загінулі ў месцах прымусовага ўтрыманьня, на іх целах былі знойдзены сьляды гвалту. 468 па-ранейшаму знаходзяцца ў няволі. З боку Ўкраіны адзначаны 33 выпадкі незаконнага ўтрыманьня людзей, пераважна па падазрэньні ў супрацоўніцтве з расейскім войскам.
У дакладзе гаворыцца аб вывазе ўкраінскіх дзяцей у Расею ці на акупаваныя тэрыторыі. Акрамя таго, як высьветлілі расьсьледавальнікі, у акупаваных абласьцях мужчын пагрозамі прымушаюць далучацца да расейскага войска, пагрозы атрымліваюць і іх семʼі.
На падкантрольнай Украіне тэрыторыі адзначаны выпадкі прыгнёту рэлігійнай свабоды і гвалту ў адносінах да сьвятароў і прыхаджанаў Украінскай праваслаўнай царквы, зьвязанай з Маскоўскім патрыярхатам. Парушэньнем камісія таксама лічыць спыненьне Кіевам дамовы арэнды царквой комплексу Кіева-Пячорскай лаўры. На акупаваных Расеяй тэрыторыях і ў анэксаваным Крыме расейскія ўлады перасьледуюць сьвятароў як УПЦ, так і Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ), а таксама працягваюць ганеньні на сьведак Яговы — іх царква прызнаная ў Расеі экстрэмісцкай арганізацыяй.
Камісія ААН падкрэсьлівае, што прадстаўленыя ў дакладзе дадзеныя могуць быць няпоўнымі, перш за ўсё ў тым, што тычыцца парушэньняў з расейскага боку. Прызначаныя Расеяй адміністрацыі не дапускаюць назіральнікаў на акупаваныя тэрыторыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.