Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Словы „Жыве Беларусь“ раздражняюць». Дырэктарка кіеўскага каледжа пра дэмантаж часткі памятнага знака беларускім ваярам

Фрагмэнт мэмарыялу беларусам, якія загінулі за Ўкраіну. Фота Сьвятаслава Верыжэнкі
Фрагмэнт мэмарыялу беларусам, якія загінулі за Ўкраіну. Фота Сьвятаслава Верыжэнкі

Днямі ў Кіеве пашкодзілі памятны знак беларусам, палеглым за Ўкраіну, усталяваны на сьцяне Прафэсійнага каледжу мастацтваў і дызайну. Дырэктарка навучальнай установы ў камэнтары «Нашай ніве» назвала сытуацыю з помнікам непрыемнай і «разьдзьмутай».

Пра сытуацыю вакол памятнага знаку піша «Наша ніва».

Паводле дырэктаркі каледжу Любові Хмялеўскай, усталяваньне памятнага знака ў 2016 годзе ўспрымалася «патасна, радасна і годна», але калі ў 2020 годзе пачалася вайна, стаўленьне людзей да словаў «Жыве Беларусь» зьмянілася на нэгатыўнае: зьявіліся патрабаваньні іх прыбраць, былі нават пагрозы каледжу аб мінаваньні, сьцьвярджае дырэктарка.

«Ставілі пакеты зь невядомым зьмесьцівам, і мы выклікалі сапэраў, міліцыю. Таму я хвалююся за студэнтаў. Мне страшна ўзяць грэх на душу, каб зьняць са сьцяны партрэты загінулых хлопцаў, але мне трэба абараніць сваіх студэнтаў», — патлумачыла сваю пазыцыю Любоў Хмялеўская.

Яна настойвае, што дакумэнтаў на ўсталяваньне памятнага знака няма і што рашэньне пра яго лёс мусіць прыняць распарадчык маёмасьці — гарадзкая адміністрацыя. Паводле яе, інфармацыйныя дошкі пра загінулых добраахвотнікаў дэмантаваць ніхто не зьбіраецца, прыбяруць толькі антураж вакол іх.

«На гэты момант так. Ніхто нічога кепскага ня хоча зрабіць, таму, калі можна супакоіць [сытуацыю], то супакойце, а мы працуем над гэтым. Стаўленьне [да памятнага знака] падзялілася, але і сытуацыя цяпер зьмянілася. Словы [«Жыве Беларусь»] раздражняюць людзей», — заявіла Любоў Хмялеўская.

Кіраўніца дабрачыннага фонду «Валошка» Анжэла Душаева настойвае, што дэмантаж памятнага знака пачалі на загад рэктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту тэхналёгій і дызайну. Паводле яе, валянтэры фонду гутарылі з дырэктаркай каледжу, якая і ім заявіла, што на ўсталяваньне знаку няма дакумэнтаў.

Актывістка настойвае, што дакумэнты ёсьць: гарадзкая адміністрацыя Кіеву дазволіла суполцы вэтэранаў АТА ўсталяваць памятны знак на сьцяне каледжу. Рэктар унівэрсытэту таксама падпісваў дакумэнт, якім фіксавалася згода.

Фонд «Валошка» даслаў скаргі ў пракуратуру, службу бясьпекі і Міністэрства адукацыі Ўкраіны, а таксама ў Кіеўскую гарадзкую адміністрацыю.

Зь Міністэрства адукацыі Ўкраіны «Нашай ніве» адпісалі, што яно «ня мае паўнамоцтваў рэгуляваць разьмяшчэньне або дэмантаж памятных знакаў на тэрыторыях ВНУ» і параілі зьвярнуцца да іх адміністрацыі.

  • 1 кастрычніка стала вядома, што ў Кіеве пашкодзілі памятны знак беларусам, якія загінулі за Ўкраіну, адкрыты ў 2016 годзе на вуліцы Беларускай: з помніка зьніклі надпісы «Слава Ўкраіне», «Жыве Беларусь», герб «Пагоня» ды нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны.
  • Мэмарыял, які ўрачыста адкрылі ў сакавіку 2016 году, ушаноўвае памяць Міхася Жызьнеўскага, які загінуў у 2014 годзе падчас «Рэвалюцыі годнасьці», а таксама тых беларусаў, якія загінулі падчас баявых дзеяньняў.
  • Яшчэ да маштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, у баях на ўсходзе Ўкраіны загінулі 10 ураджэнцаў Беларусі — яны ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў і ва ўкраінскіх Узброеных сілах.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG