Такія зьвесткі прыводзіць праваабарончы цэнтар «Вясна» ў дакладзе «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2023».
Паводле праваабаронцаў «Вясны», на канец верасьня 2023 году ў Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзіліся 1 490 палітвязьняў. Акрамя таго, каля 1 200 палітвязьняў з 2020 году вызваленыя ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня, зьменай меры стрыманьня, прызначэньнем у судзе пакараньня, не злучанага з пазбаўленьнем волі, ці з прычыны памілаваньня.
Варта адзначыць, што паводле падлікаў іншых ініцыятываў, колькасьць палітвязьняў у Беларусі можа быць нават большай.
Рэпрэсіі ў Беларусі за верасень у лічбах праваабаронцаў
Паводле дакладу праваабаронцаў «Вясны», за верасень:
- Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі яшчэ 36 чалавек.
- У верасьні зафіксавалі сама меней 386 фактаў палітычнага перасьледу, у тым ліку 339 судовых працэсаў.
- Прысуды паводле палітычна матываваных спраў вынесьлі 22 палітвязьням, якія знаходзяцца пад вартай.
- 79 чалавек арыштавалі паводле адміністрацыйных абвінавачваньняў агулам на 945 дзён, 46 аштрафавалі на агульную суму 34 743 рублі.
- У «пералік арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», дадалі 10 чалавек, у «сьпіс экстрэмістаў» — 183, 7 супольнасьцяў прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
- За верасень стала вядома пра больш як 300 выпадкаў ужываньня ўжо клясычнай рэпрэсіўнай практыкі затрыманьняў за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Мноства такіх затрыманьняў суправаджаецца прымусовым запісам «пакаяльных» відэа.
- У верасьні Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) і Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет».
- На канец верасьня ў месцах пазбаўленьня волі ўтрымлівалі 35 журналістаў і супрацоўнікаў мэдыя.