Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карціну Марка Шагала выставілі на аўкцыён у Празе, ужо вядомая пачатковая цана. ФОТА


Подпіс Марка Шагала на карціне Maternité sur fond bleu
Подпіс Марка Шагала на карціне Maternité sur fond bleu

Як пэрлу свайго восеньскага аўкцыёну выстаўляе Шагала чэская галерэя Адольфа Лооса – Adolf Loos Apartment and Gallery. Карціна створаная ў 1976 годзе і называецца Maternité sur fond bleu (Мацярынства на сінім фоне).

У цэнтры кампазыцыі карціны выява маці, якая трымае на руках дзіця, мякка нахіліўшы да яго галаву. За імі, нібы ў сінім мроіве ўспамінаў, пазнавальны антураж старой беларускай правінцыі.

«Гэтая карціна ўвасабляе паэтычную візуальную мову Шагала, якая адлюстроўвае гісторыю яго ўласнай сям’і і каханьня, — гаворыцца ў каталёгу аўкцыёну. — Кампазыцыя мары прыгадвае як дэталі асабістай і сямейнай гісторыі мастака, так і рысы ўсходнеэўрапейскага фальклёру. У карціне заўважныя матывы вясковага жыцьця, жывёл, галу́бкі, якая дадае твору міралюбівую атмасфэру».

Карціна Марка Шагала Maternité sur fond bleu, якую выставілі на аўкцыён
Карціна Марка Шагала Maternité sur fond bleu, якую выставілі на аўкцыён

Як паведаміў дырэктар галерэі Ўладзімір Лэкэш, твор да самай сьмерці мастака знаходзіўся ў яго дома, потым трапіў у прыватную калекцыю. Менавіта з гэтай заходнеэўрапейскай калекцыі галерэя атрымала твор, на аўкцыёне ён будзе ўпершыню.

Стартавую цану паставілі ў 12 мільёнаў чэскіх крон (480 тысяч эўра). Да найвышэйшай сумы, прапанаванай пераможцам, трэба будзе дадаць і аўкцыённую правізію (21 працэнт).

Аўкцыён адбудзецца ў Празе 12 лістапада і будзе непублічным. Удзел у ім могуць браць толькі папярэдне зарэгістраваныя. Для беларусаў Чэхіі, нават калі яны і не зьбіраюцца пазмагацца за набыццё твора земляка, ёсьць прынамсі шанец яго пабачыць. Перад аўкцыёнам галерэя дае магчымасьць пазнаёміцца з творамі ў выставачнай залі Expo 58 ART (ад 21 кастрычніка да 11 лістапада ).

Знакавых твораў Марка Шагала ў Беларусі, дзе ён нарадзіўся, даволі мала. У свой час беларускі бізнэс прыйшоў з пачынам вяртаць іх на радзіму.

«Белгазпрамбанк» на ініцыятыву Віктара Бабарыкі купіў на аўкцыёне Сотбіс для сваёй карпаратыўнай калекцыі дзясяткі твораў мастакоў Парыскай школы, ураджэнцаў Беларусі. Але гэтую калекцыю далучылі да крымінальнай справы Віктара Бабарыкі; што зь ёй цяпер, невядома.

«Рэйдэрскім захопам» называюць мастацтвазнаўцы далучэньне да крымінальнай справы карпаратыўнай калекцыі карцін, што належыць «Белгазпрамбанку».

За мяжой творы Марка Шагала (1887–1985) можна пабачыць у Нацыянальным музэі Марка Шагала ў францускай Ніцы, у францускім Цэнтры Пампіду, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Вашынгтоне, Музэі сучаснага мастацтва ў Нью Ёрку (MоMA), Інстытуце мастацтва ў Чыкага, сетцы брытанскіх музэяў Тate, Рускім музэі ў Санкт-Пецярбургу ці Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG