Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На тле вяртаньня вагнэраўцаў пад Бахмут ва Ўкраіну Пуцін даручыў паплечніку Прыгожына іх кантраляваць


Уладзімір Пуцін на сустрэчы з намесьнікам міністра абароны Расеі Юнус-Бэкам Юўкуравым (зьлева) і Андрэем Трошавым (справа). 28 верасьня 2023
Уладзімір Пуцін на сустрэчы з намесьнікам міністра абароны Расеі Юнус-Бэкам Юўкуравым (зьлева) і Андрэем Трошавым (справа). 28 верасьня 2023

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведамілі, што вагнэраўцы пачалі перадысьлякоўвацца ва Ўкраіну, як паасобку, гэтак і невялікімі групамі ў складзе іншых прыватных кампаній.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў колішняму начальніку штабу прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Андрэю Трошаву фарміраваць «добраахвотніцкія падразьдзелы, якія могуць выконваць розныя баявыя задачы», найперш, ва Ўкраіне.

Як паведамляецца на сайце Крамля, такое даручэньне Пуцін зрабіў 28 верасьня ў часе сваёй сустрэчы з намесьнікам міністра абароны Расеі Юнус-Бэкам Юўкуравым і Андрэем Трошавым.

Андрэй Трошаў — палкоўнік у адстаўцы, колішні супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў Расеі, удзельнік вайны ў Афганістане, Чачэніі, вайсковай апэрацыі Расеі ў Сірыі, герой Расеі.

«Вы самі больш за год ваявалі ў такім падразьдзеле. Ведаеце, што гэта такое, як гэта рабіць, ведаеце аб пытаньнях, якія трэба загадзя вырашаць, каб баявая праца ішла найлепшым і пасьпяховым чынам», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Расейскі прэзыдэнт дадаў, што сацыяльныя гарантыі атрымаюць усе ўдзельнікі «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (так у Расеі называюць сваё ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну. — РС), незалежна ад іхнага статусу і падразьдзелу, у якім ваяваў.

Выведка Вялікай Брытаніі: вагнэраўцы едуць ва Ўкраіну паасобку і групамі

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведамілі, што вагнэраўцы пачалі перадысьлякоўвацца ва Ўкраіну, як паасобку, гэтак і невялікімі групамі ў складзе іншых прыватных кампаній.

«Дакладны статус перадысьлякаванага пэрсаналу незразумелы, але, імаверна, асобныя вагнэраўцы перайшлі ў часткі афіцыйных сіл Міністэрства абароны Расеі ці іншыя прыватныя вайсковыя кампаніі», — адзначае брытанская выведка.

Вайсковыя выведнікі Вялікай Брытаніі нагадалі, што вагнэраўцы выбылі з баявых дзеяньняў ва Ўкраіне да пачатку чэрвеня 2023 году, перад няўдалым мяцяжом 24 чэрвеня і гібельлю ўласьніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына і іншых высокапастаўленых кіраўнікоў кампаніі ў авіякатастрофе 23 жніўня.

Паводле брытанскіх выведнікаў, вагнэраўцы імаверна канцэнтруюцца каля Бахмута, дзе іхны досьвед запатрабаваны — шмат хто зь іх ведае цяперашнюю лінію фронту і мясцовую ўкраінскую тактыку, бо мінулай зімой яны там ужо ваявалі.

27 верасьня прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў Узброеных сілаў Украіны (УСУ) Ільля Яўлаш заявіў, што некаторыя вагнэраўцы вяртаюцца зь Беларусі ў Бахмут.

«Былыя вайскоўцы прыватнай вайсковай кампаніі „Вагнэр“ цяпер сапраўды прысутнічаюць на тэрыторыі ўсходняй групоўкі войскаў. Яны ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях. У прыватнасьці, яны паступаюць з тэрыторыі Беларусі, дзе былі іх лягеры. Зараз іх расфармоўваюць», — заявіў Ільля Яўлаш.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG