Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына стала першай краінай Эўразьвязу, амбасадар якой уручыў даверчыя лісты Лукашэнку пасьля 2020 году


Амбасадарка Вугоршчыны ў Беларусі Зіта Ілона Бенчык і Аляксандар Лукашэнка
Амбасадарка Вугоршчыны ў Беларусі Зіта Ілона Бенчык і Аляксандар Лукашэнка

Амбасадаркай Вугоршчыны стала Зіта Ілона Бенчык, якая 14 верасьня перадала копіі даверчых лістоў міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Алейніку. 

Амбасадарка Вугоршчыны ў Беларусі Зіта Ілона Бенчык уручыла Аляксандру Лукашэнку даверчыя лісты. Гэта апошні працэдурны момант для пачатку яе дзейнасьці ў Менску.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, 28 верасьня даверчыя лісты ўручылі амбасадары Вугоршчыны, Казахстану, Эгіпту, Зымбабвэ, Экватарыяльнай Гвінэі, Анголы, Уганды, Камбоджы, Філіпін, Ярданіі і Калюмбіі.

«Вугоршчына зьяўляецца даўнім і надзейным сябрам Беларусі, дачыненьні зь якім, выпрабаваныя часам, выбудоўваюцца на прагматычнай і ўзаемапаважлівай глебе», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка адзначыў прапановы і ініцыятывы Будапэшта па бясьпецы і мерах даверу ў Эўропе.

«Гатовыя да працягу дыялёгу з Вугоршчынай у мэтах дээскаляцыі напружанасьці ў рэгіёне шляхам вырашэньня пытаньняў толькі мірнымі перамовамі», — заявіў ён.

Амбасадарам Вугоршчыны стала Зіта Ілона Бенчык, якая 14 верасьня перадала копіі даверчых лістоў міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Алейніку.

Раней былы амбасадар ФРГ у Менску Манфрэд Хутэрэр перад ад'ездам зь Беларусі заявіў, што ягоную краіну цяпер будзе прадстаўляць часовы павераны ў справах. Такі падыход прыняты на ўзроўні Эўразьвязу. Пра гэта Хутэрэр расказаў у інтэрвію, прымеркаваным да завяршэньня ягонай дыпляматычнай місіі. Яно разьмешчана на сайце амбасады:

«У Эўразьвязе цяпер дасягнуты кансэнсус не накіроўваць у Менск новых амбасадараў. Замест гэтага ўстанавілася працэдура прызначэньня часовых павераных. Гэтага будзе прытрымлівацца і Нямеччына», — сказаў амбасадар.

У верасьні 2022 году амбасадарка Швайцарыі ў Менску Крыстынэ Гонэгер уручыла даверчыя лісты Лукашэнку. Але яе краіна не ўваходзіць у Эўразьвяз.

Уручаў копіі даверчых лістоў міністру замежных справаў Беларусі францускі пасол Нікаля дэ Лякост. У сьнежні 2020 году ён уручыў копіі грамат тагачаснаму міністру Ўладзімеру Макею. Але праз год і два месяцы ён пакінуў краіну на патрабаваньне МЗС Беларусі. Прычынай называлася яго адмова ўручыць даверчыя лісты Лукашэнку.

Эўразьвяз і краіны-ўдзельніцы арганізацыі пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткага разгону акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Тады спынілі практычна ўсе праграмы, якія ажыцьцяўляў Эўразьвяз у Беларусі, і абмежавалі дыпляматычную прысутнасьць.

Міжнародныя санкцыі ўзмацнілі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У лютым 2023 году кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта наведаў Менск зь візытам, пасьля якога заявіў, што перадаў беларускаму боку просьбу не рабіць захадаў, якія могуць прывесьці да зацягваньня або пашырэньня вайны ва Ўкраіне.

Пры гэтым Вугоршчына адзіная з Эўразьвязу не падтрымала дакладу АБСЭ аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі. Таксама Вугоршчына дамагаецца, каб з будучага пакету санкцый Эўразьвязу прыбралі трох чалавек, у тым ліку кіраўніка Беларускай чыгункі Ўладзімера Марозава, паведамілі крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі.

Адносіны Вугоршчыны з Эўразьвязам дасягнулі найбольшай напружанасьці ў 2015 годзе ў пытаньні аб міграцыі, калі прэм’ер-міністар краіны Віктар Орбан пабудаваў памежную агароджу і выступіў супраць прыёму ўцекачоў. Прыкладна ў той жа час агенцтва ЭЗ па барацьбе з махлярствам OLAF падняло трывогу наконт нямэтавага выкарыстаньня грошай, якія выдзяляюцца Вугоршчыне з агульнага бюджэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG