Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і Алейнік у ААН. З аднаго боку: «Дапамажыце захаваць незалежнасьць», з другога: «Спыніце палітыку астракізму»


Сяргей Алейнік і Сьвятлана Ціханоўская ў ААН, каляж
Сяргей Алейнік і Сьвятлана Ціханоўская ў ААН, каляж

З 19 па 26 верасьня 2023 г. у штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку праходзіць 78-я сэсія Генэральнай Асамблеі ААН (ГА ААН). Ужо другі год Беларусь прадстаўляюць там дзьве дэлегацыі. Адна афіцыйная, на чале зь міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам. Другая дэлегацыя прадстаўляе дэмакратычную Беларусь, яе ўзначальвае Сьвятлана Ціханоўская.

Сьцісла:

  • Апошнім часам афіцыйны Менск пацярпеў цэлы шэраг дыпляматычных паразаў у структурах ААН.
  • Дзеяньні дзьвюх беларускіх дэлегацый на ГА ААН моцна адрозьніваліся. Але абедзьве яны дэманстравалі вялікую актыўнасьць.
  • Вельмі адметная геаграфія сустрэч абедзьвюх дэлегацый з замежнымі палітыкамі, што адлюстроўвае іхную розную геапалітычную арыентацыю.
  • Скразной тэмай праз усе выступы Алейніка на розных плятформах ГА ААН было пытаньне санкцый. То бок яно зьяўляецца для беларускіх уладаў вельмі балючай праблемай.

Чаму Лукашэнка не паехаў на сэсію ГА ААН

Многія краіны на ГА ААН былі прадстаўленыя на вышэйшым узроўні. У мінулым Аляксандр Лукашэнка такія саміты не прапускаў. Ён любіць апынуцца ў цэнтры міжнароднай палітыкі, пафатаграфавацца з сусьветнымі лідэрамі. Чатыры разы ён наведваў падобныя форумы (1995, 2000, 2005, 2015 гады).

Гэтым разам Лукашэнка вырашыў не ляцець у Нью-Ёрк. Праявіў салідарнасьць з Уладзімерам Пуціным, які цяпер увогуле баіцца езьдзіць за мяжу, бо Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на ягоны арышт.

Але ў гэтым ігнараваньні Лукашэнкам саміта ААН ёсьць яшчэ адна, ня менш важная прычына. Апошнім часам афіцыйны Менск пацярпеў цэлы шэраг дыпляматычных паразаў у структурах ААН.

Пасьля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны Генэральная асамблея ААН прыняла тры рэзалюцыі, якія асуджаюць палітыку Масквы. Беларусь і РФ апынуліся ў глухой ізаляцыі, іх падтрымалі толькі 3-5 краін.

У чэрвені Беларусь прайграла Славеніі ў змаганьні за статус чальца Рады Бясьпекі ААН.

Міжнародная арганізацыя працы (структура ААН) падтрымала рэзалюцыю аб прымяненьні ў дачыненьні да Беларусі артыкула 33 статута арганізацыі за парушэньне правоў прафсаюзаў.

Вярхоўны камісар па правах чалавека ААН зрабіла справаздачу па Беларусі і пацьвердзіла, што ў краіне зьдзяйсьняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці. Ужо падчас сэсіі ГА ААН 22 верасьня ў рамках 54-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН заслухалі даклад Вярхоўнага камісара аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Беларускае кіраўніцтва рэагуе на такую пазыцыю структур ААН даволі нэрвова. Аляксандар Лукашэнка 15 чэрвеня, прымаючы даверчыя граматы амбасадараў замежных дзяржаў, нечакана абрынуўся з крытыкай не на Захад, да чаго ўжо ўсе прызвычаіліся, а на ААН: «Арганізацыя Абʼяднаных Нацый з цывілізаванай дыялёгавай пляцоўкі для вырашэньня спрэчак і дыскусій аб будучым разьвіцьці сьвету ператварылася ў казыно, дзе запраўляюць заходнія верхаводы».

27 ліпеня, прымаючы пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова, Лукашэнка выказаў падобную думку: «ААН. Што гэта такое на сёньняшні дзень? … Нам што рабіць у гэтай арганізацыі?.. Гэтая арганізацыя ператвараецца ў такую арганізацыю »Чаго пажадаеце?«. Ад буйных дзяржаў больш залежыць. Гэта ненармальна. Пры тым націску, які аказваюць буйныя дзяржавы, Захад».

То бок, цяпер для Лукашэнкі ААН – варожая тэрыторыя. Пытаньне «нам што рабіць у гэтай арганізацыі?» можна разглядаць як пагрозу выхаду з ААН. Відавочна, таму і не паехаў на Генэральную Асамблею.

Актыўнасьць дзьвюх дэлегацый

Дзеяньні дзьвюх беларускіх дэлегацый на ГА ААН моцна адрозьніваліся. Сяргей Алейнік, як афіцыйны прадстаўнік Беларусі, меў магчымасьць выступаць на розных плятформах, якія функцыянавалі ў рамках Генэральнай Асамблеі. Сьвятлана Ціханоўская такой магчымасьці ня мела. Таму выкарыстала сэсію ГА ААН дзеля звароту да прадстаўнікоў арганізацыі ад імя беларусаў праз мэдыі, а таксама актыўна працавала ў кулюарах.

Абедзьве дэлегацыі дэманстравалі вялікую актыўнасьць. Магчыма, наяўнасьць канкурэнта моцна стымулявала абодва бакі.

Акрамя выступу з галоўнай трыбуны ГА ААН, Алейнік паўдзельнічаў і выступіў на васьмі розных плятформах, уключаючы Раду Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сярод іх былі даволі экзатычныя, – напрыклад, Група дзяржаў-аднадумцаў у падтрымку краін зь сярэднім узроўнем даходу, Нарада высокага ўзроўню па прадухіленьні пандэмій, Група сяброў у абарону Статута ААН, міністэрская сустрэча па падрыхтоўцы да Саміту Будучыні.

У абедзьвюх дэлегацый было шмат кулюарных сустрэч і кантактаў. Сяргей Алейнік сустракаўся з прэзыдэнтам Сэрбіі, міністрамі замежных спраў 15 дзяржаў.

Паводле чальца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валера Кавалеўскага, у Сьвятланы Ціханоўскай прайшлі сустрэчы зь пяцьцю прэзыдэнтамі, чатырма прэмʼер-міністрамі, у тым ліку Урзуляй фон дэр Ляен як кіраўніцай ураду – Эўрапейскай камісіі, з 15 міністрамі замежных справаў, з эўрапейскім камісарам унутраных справаў Ільвай Югансан, з намесьніцай дзяржсакратара ЗША і генэральнай сакратаркай Рады Эўропы. (Варта заўважыць, што гэта не канчатковы пералік, сэсія ГА ААН яшчэ не закончаная, праца абедзьвюх дэлегацый працягваецца).

Вельмі адметная геаграфія гэтых сустрэч, што адлюстроўвае розную геапалітычную арыентацыю. Сяргей Алейнік сустракаўся з прадстаўнікамі краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі (выключэньне: прэзыдэнт Сэрбіі і кіраўнік МСЗ Вугоршчыны). У кантактах Сьвятланы Ціханоўскай пераважалі палітыкі дзяржаў Захаду.

Вельмі моцна адрозьніваўся зьмест, зь якім зьвярталіся кіраўнікі дзьвюх беларускіх дэлегацый да сусьветнай супольнасьці. Сьвятлана Ціханоўская ў сваім звароце да ААН заклікала сусьветную супольнасьць «падтрымаць нас у барацьбе за само існаваньне нашай краіны і народу», прасіла Раду Бясьпекі абмеркаваць пытаньне аб разьмяшчэньні ядзернай зброі і прамой пагрозе незалежнасьці, «выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі, каб дамагчыся вызваленьня палітычных зьняволеных».

Пасланьне афіцыйнага Менску

Сяргей Алейнік ва ўсіх сусьветных праблемах вінаваціў Захад, які, маўляў, навязвае сьвету свае правілы, заходнюю мадэль дэмакратыі, патрабаваў неўмяшаньня ва ўнутраныя справы краін, свабоды выбару шляху разьвіцьця. У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае, што нельга перашкаджаць дыктатарскім рэжымам рабіць са сваімі народамі ўсё, што яны захочуць.

Скразной тэмай праз усе выступы Алейніка на розных плятформах ГА ААН было пытаньне санкцый. Ён усяляк крытыкаваў іх увядзеньне, казаў пра пагрозу голаду ў сьвеце ад такіх дзеяньняў. Беларусь разам зь 10 іншымі дыктатарскімі рэжымамі зрабілі спробу ўключыць у фінальны дакумэнт сэсіі Генэральнай Асамблеі крытыку эканамічных санкцый. Аднак спроба не ўдалася, гэтую ініцыятыву не падтрымалі іншыя краіны.

Усё гэта азначае, што санкцыі супраць афіцыйнага Менску зьяўляюцца вельмі балючай праблемай. Што абвяргае аптымістычныя заявы Лукашэнкі пра тое, што, маўляў, санкцыі ня страшныя, яны нібыта толькі дапамаглі Беларусі і Расеі мабілізаваць і задзейнічаць унутраныя рэзэрвы.

У галоўным выступе Сяргея Алейніка з трыбуны ГА ААН, які прагучаў 23 верасьня, ён заклікаў «спыніць палітыку астракізму ў ААН». Тым самым фактычна прызнаў, што Беларусь у структурах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый апынулася ў статусе краіны-ізгоя.

Забаўна прагучаў такі тэзіс: «Ніхто не павінен апускацца да абраз і непаважлівай лексыкі, напрыклад, выкарыстаньня слова «рэжым» у дачыненьні да законных уладаў дзяржаў-членаў».

Справа ў тым, што слова «рэжым» не зьяўляецца абразай. Калі зусім спрасьціць, то гэты тэрмін у паліталёгіі, палітычнай лексыцы азначае спосаб кіраваньня дзяржавай. Ён носіць нэўтральны характар. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова глянуць у Вікіпэдыю.

Міністар паўтарыў вядомую пазыцыю афіцыйнага Менску адносна вайны ва Ўкраіне, выказаўшы гатоўнасьць садзейнічаць усталяваньню міру. Гэтыя заклікі гучаць адначасова з працягам дапамогі і падтрымкай агрэсара – Расеі.

Таксама Алейнік падтрымаў ідэю рэформы Рады Бясьпекі ААН у кірунку павялічэньня колькасьці яе пастаянных чальцоў за кошт буйных дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Такім чынам Беларусь разам з Расеяй разьлічваюць стварыць у гэтым органе перавагу супраць уплыву заходніх краін. Бо цяпер тры зь пяці пастаянных членаў (ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя) зьяўляюцца прадстаўнікамі Захаду. Але цікава, што ідэю пашырэньня Рады Бясьпекі падтрымліваюць ЗША, аб гэтым заявіў прэзыдэнт Джо Байдэн з трыбуны ГА ААН. Так што, магчыма, Арганізацыю Аб’яднаных Нацый чакаюць вялікія перамены. Але для краіны, якая там падвяргаецца астракізму, гэта наўрад ці шмат што зьменіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG