Раніцай 22 верасьня ў сталіцы Армэніі пратэстоўцы перакрылі некалькі цэнтральных вуліц.
Як паведаміла армянская служба Радыё Свабода, сярод пратэстоўцаў ёсьць затрыманыя, у тым ліку колішні апазыцыйны дэпутат Андранік Тэваньян. Але паліцыя пакуль не паведамляе аб затрыманьнях.
Напярэдадні апазыцыя на мітынгу пратэсту заклікала грамадзян 22 верасьня блякаваць вуліцы ў сталіцы і працягваць гэта рабіць да таго часу, пакуль прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян не падасьць у адстаўку.
«Запэўніваю вас, пры дысцыплінаваных і супольных высілках гэта адбудзецца ў вельмі сьціслыя тэрміны, нават цягам некалькіх дзён», — заявіў 21 верасьня Андранік Тэваньян.
У гэты час адбываецца пасяджэньне ўраду Армэніі. На ім Нікол Пашыньнян заявіў, што жыхары населеных пунктаў Нагорнага Карабаху могуць атрымаць рэальную магчымасьць вярнуцца ў свае будынкі.
«Зараз я проста не магу сказаць больш падрабязна, таму што ёсьць пэўныя дамоўленасьці, што іх рэалізацыя павінна пачацца ўжо ў гэты момант. Не магу сказаць, пачнецца яно ці не, але зразумела, што ёсьць пэўныя дамоўленасьці», — заявіў Нікол Пашыньян.
У той жа час, прэм’ер-міністар Армэніі адзначыў, што сытуацыя застаецца надзвычай напружанай, працягваецца гуманітарны крызіс. Нікол Пашыньня таксама дадаў, што ўрад рыхтуецца прыняць армян, якія ня змогуць або не захочуць заставацца жыць у Нагорным Карабаху.
Міністар замежных спраў Азэрбайджану Джэйхун Байрамаў у сваім выступе на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН заявіў аб наяўнасьці магчымасьцяў «для практычнай рэінтэграцыі жыхароў армянскага паходжаньня Карабаскага раёну Азэрбайджану».
У той жа час бакі не паведамляюць вынікаў першай сустрэчы прадстаўнікоў Баку і Стэпанакерту пасьля спыненьня баявых дзеяньняў. Яна праходзіла ў азэрбайджанскім горадзе Еўлах 21 верасьня.
Азэрбайджан 19 верасьня пачаў антытэрарыстычныя захады «лякальнага характару» у Карабаху пасьля інцыдэнту з падрывам міны на аўтадарозе, у якім нібыта загінулі цывільныя і вайскоўцы.
Міністэрства абароны Армэніі заявіла, што армянскіх узброеных сілаў у Нагорным Карабаху няма, і абвінаваціла Азэрбайджан у нанясеньні ракетных удараў па Стэпанакерце.
20 верасьня ўлады Нагорнага Карабаху / Рэспублікі Арцах заявілі аб спыненьні агню, як гэта прапанавала камандаваньне расейскага міратворчага кантынгенту (Азэрбайджан называе гэты рэгіён Нагорным Карабахам, а Армэнія Арцахам. — РС).
У той жа дзень стала вядома, што 21 верасьня ў азэрбайджанскім горадзе Еўлах адбудзецца сустрэча «з прадстаўнікамі армянскіх жыхароў Карабаскага раёну для абмеркаваньня пытаньняў рэінтэграцыі на аснове Канстытуцыі і законаў Азэрбайджанскай Рэспублікі».
У Армэніі гэтыя падзеі выклікалі акцыі пратэсту.