Уладзімір Зяленскі наведаў Кангрэс ЗША, дзе сустрэўся як з заканадаўцамі, якія падтрымліваюць палітыку адміністрацыі Байдэна, так і з больш скептычна настроенымі рэспубліканцамі.
Прэзыдэнт Украіны сустрэўся з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў, якую кантралююць рэспубліканцы, а таксама выступіў на закрытым пасяджэньні Сэнату.
Адміністрацыя Джо Байдэна дамагаецца ад Кангрэсу выдзяленьня на патрэбы дапамогі Ўкраіне дадатковых 24 мільярдаў даляраў. Шэраг рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў і Сэнаце ставяць неабходнасьць гэтага пад сумненьне. Сьпікер Палаты Кевін Макарці сказаў, што ня можа паабяцаць Зяленскаму, што запыт будзе задаволены.
«Ці ёсьць справаздача па ўжо выдзеленых сродках? Ці ёсьць плян перамогі? Я думаю, гэта хочуць даведацца амэрыканцы», — заявіў ён. Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Макарці назваў перамовы зь ім «добрымі» і «плённымі».
Лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр адзначыў, што Зяленскі сказаў яму, што калі Ўкраіна не атрымае дапамогі, яна можа прайграць вайну. Кіраўнік камітэту Палаты прадстаўнікоў у замежнай палітыцы рэспубліканец Майкл Маккол заявіў, што прэзыдэнт Украіны на сустрэчы, наадварот, выказаў упэўненасьць у перамозе, часткай шляху да якой павінна стаць выдзяленьне новай дапамогі з боку ЗША.
Па словах Маккола, украінскі лідэр у першую чаргу прасіў аб пастаўках зьнішчальнікаў F-16 і дальнабойных ракет ATACMS.
Пасьля наведваньня Капітолія Зяленскі адправіўся ў Пэнтагон, дзе правёў перамовы зь міністрам абароны ЗША Лойдам Остынам.
Пасьля гэтага Зяленскі сустрэўся ў Белым доме з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. Джо Байдэн з жонкай Джыл сустрэлі Ўладзіміра Зяленскага з жонкай Аленай ля ўваходу ў Белы дом.
Прэзыдэнт Украіны падзякаваў Байдэну за дапамогу ў барацьбе з, як ён выказаўся, «расейскім тэрорам». Прэзыдэнт ЗША сказаў, што будзе дамагацца таго, каб сьвет па-ранейшаму падтрымліваў Украіну.
Байдэн плянуе аб’явіць у чацьвер аб перадачы пакету вайсковай дапамогі Ўкраіне на суму 325 мільёнаў даляраў, піша «Голас Амэрыкі». Аб пастаўках ракет ATACMS, падобна, абвешчана ня будзе, бо адміністрацыя ЗША яшчэ не прыняла рашэньня.
У Кангрэсе ЗША цяпер ідуць спрэчкі паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі аб бюджэтных законапраектах на 2024 год. У выпадку, калі яны ня будуць прыняты да 1 кастрычніка, фэдэральны ўрад ня зможа фінансаваць бягучыя выдаткі, узьнікне сытуацыя так званага шатдаўна. Аб’ёмы дапамогі Ўкраіне на новы фінансавы год — адзін з прадметаў спрэчкі паміж заканадаўцамі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.