Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што для Расеі міратворчая апэрацыя ў Нагорным Карабаху не зьяўляецца прыярытэтам.
«Для расейскіх вайскоўцаў наўрад ці стане прыярытэтам міратворчая апэрацыя ў Нагорным Карабаху на тле вайны ва Ўкраіне. Мінімальныя міратворчыя апэрацыі Расеі ў Нагорным Карабаху наўрад ці паўплываюць на расейскія ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне», — адзначаецца ў справаздачы ISW ад 19 верасьня.
Азэрбайджан 19 верасьня пачаў антытэрарыстычныя захадаў «лякальнага характару» ў Карабаху пасьля інцыдэнту з падрывам міны на аўтадарозе, у часе якога нібыта загінулі цывільныя і вайскоўцы.
Міністэрства абароны Армэніі заявіла, што армянскіх узброеных сілаў у Нагорным Карабаху няма, і абвінаваціла Азэрбайджан у нанясеньні ракетных удараў па Стэпанакерце.
Армянская служба Радыё Свабода Азатуцюн са спасылкай на Гегама Сьцепаньяна, амбудсмэна ў непрызнаным Нагорным Карабаху, паведаміла, што ў выніку ваеннай апэрацыі азэрбайджанскай арміі загінулі 27 чалавек, двое зь іх — мірныя жыхары. Па словах Сьцепаньяна, яшчэ 138 чалавек атрымалі раненьні, зь іх 29 — мірныя жыхары.